Сёння ў Палацы Незалежнасці абмяркоўвалі будучыню беларуска-азербайджанскіх адносін

9 октября 2017

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам абароны Азербайджана генерал-палкоўнікам Закірам Гасанавым. Размова аб двухбаковым супрацоўніцтве выйшла далёка за рамкі ваенна-тэхнічнай сферы. Пазіцыі краін шмат у чым супадаюць. Азербайджан - важны гандлёвы партнёр Беларусі ў Закаўказзі. За мінулыя 10 гадоў агульны тавараабарот вырас з 30 мільёнаў долараў да 300. Тэмп супрацоўніцтва прэзідэнты падтрымліваюць асабістымі сустрэчамі. Пачынаючы з 2006 года, дакладна трымаюць рытм - раз на тры гады абменьваюцца візітамі. І заўсёды лідары краін сустракаюцца як сябры.

Аснову беларускага экспарту летась склалі трактары, нафтапрадукты, лесаматэрыялы, лекі, малочная прадукцыя. У эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый амаль на 7 з паловай мільёнаў долараў. У Азербайджане працуюць 4 беларускія магазіны, а таксама больш за 70 прадстаўніцтваў, даччыных кампаній і дыстрыбутараў беларускіх прадпрыемстваў. Створаны зборачныя вытворчасці трактароў МТЗ, аўтамабіляў МАЗ і МЗКЦ на базе Гянджынскага аўтамабільнага завода.

Закір Гасанаў, Міністр абароны Азербайджана: "Хачу перадаць Вам найлепшыя пажаданні і словы прывітання ад прэзідэнта Азербайджана. Ён асобна адзначыў нашы адносіны паміж вамі, паміж народамі. У Азербайджане любяць Беларусь і любяць Вас, з павагай ставяцца да Вашай краіны. У нас вельмі цесныя сувязі ва ўсіх галінах. Вы маеце рацыю, што ў нас ёсць чаму вучыцца адна ў адной. У ваенна-тэхнічнай галіне ёсць добрыя праекты. Усё гэта не супярэчыць міжнародным законам. З поўнай адказнасцю заяўляю, што абсталяванне, якое мы атрымлівалі па лініі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, высокай якасці. Яно паспяхова прымяняецца ва Узброеных сілах Азербайджана. І гэта нам дае магчымасць далей працягваць і нават пашыраць супрацоўніцтва. Мы на гэта настроеныя".

У Беларусі Закір Гасанаў з трохдзённым візітам. Кіраўнік Мінабароны Азербайджана наведае прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу. Падчас сустрэч абмяркуюць перспектывы развіцця і пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы і ў галіне ваеннай адукацыі. А таксама пытанні бяспекі і іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.