Сёння ў Таджыкістане дзень вялікай палітыкі. Сталіца - Душанбэ - прыняла саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД

28 сентября 2018

Перамовы ў вузкім складзе, дзе выступаў наш Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, былі закрытымі для прэсы. Рэпарцёрам дазволілі толькі зняць першыя кадры - заяву кіраўніка Таджыкістана. Прэс-служба беларускага лідара апублікавала тэзісы выступлення Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт Беларусі заклікае да адзінства і сумесных дзеянняў унутры СНД на фоне разбурэння наяўнай сістэмы міжнароднага гандлю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нязменным прыярытэтам членства Беларусі ў СНД застаецца ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што сусветныя рыначныя адносіны ўсё больш губляюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяння паміж краінамі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў бакоў у СНД адсутнічае агульнае бачанне і генеральны план развіцця Садружнасці. Не атрымалася да канца сфармуляваць тэарэтычную мадэль і стварыць практычную стратэгію эканамічнай інтэграцыі нашых краін.

Сярод прапаноў Прэзідэнта Беларусі - сінхранізаваць узаемадзеянне ў фармаце СНД з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікай Еўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што стабільным адносінам паміж дзяржавамі СНД будзе таксама спрыяць шырокі дыялог Садружнасці з Еўразійскім эканамічным саюзам. Па выніках саміта Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю расійскім журналістам, дзе падрабязна распавёў пра пытанні, якія абмяркоўваліся падчас пасяджэння. Цэнтральнай тэмай стала бяспека.

Усяго па выніках саміта падпісана 16 дакументаў. У тым ліку і заява прэзідэнтаў з нагоды 70-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. 2021 у Садружнасці аб'явілі Годам архітэктуры і будаўніцтва, у гэтым жа годзе Душанбэ стане культурнай сталіцай СНД. А ў 2019 Аляксандр Лукашэнка запрасіў калег наведаць ІІ Еўрапейскія гульні.

Як правіла, саміты - гэта добрая пляцоўка для двухбаковых сустрэч. Шэраг такіх Прэзідэнт Беларусі правёў з замежнымі лідарамі. У прыватнасці, у аб'ектывы камер трапіла сустрэча з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі стан гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыю ранейшых дамоўленасцяў і перспектыўныя кірункі для развіцця ўзаемадзеяння. Было адзначана, што патэнцыял далёка не вычарпаны.