Сёння ў Сочы дзень вялікай міжнароднай палітыкі

11 октября 2017

У саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД прымае ўдзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У кангрэс-холе высокіх гасцей сустракаў расійскі лідар Уладзімір Пуцін. Так званы клуб 11 гэтым разам сабраў не ўсіх прэзідэнтаў. Кыргызстан прадстаўляе прэм'ер-міністр. Кіраўнік гэтай дзяржавы вырашыў застацца ў Бішкеку, дзе зараз актыўна ідзе падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў.

Актуальныя мэты для Садружнасці былі акрэслены падчас працы ў вузкім складзе. Усяго лідары абмяркоўваюць 16 пытанняў. Сярод іх канцэпцыя па процідзеянні карупцыі, пагадненне аб абмене інфармацыяй у сферы барацьбы з тэрарызмам, а таксама ўзаемадзеянне па ахове знешніх меж. Самы шырокі блок парадку дня - эканамічны. Галоўная ўвага - паглыбленню інвестыцыйных сувязяў, а таксама ліквідацыі гандлёвых бар'ераў. Прэзідэнт Беларусі адкрыта акрэсліў усе праблемы, якія перашкаджаюць плённай сумеснай працы. Шэраг праблемных пытанняў Беларусь ставіць і ў рамках ЕАЭС. У фармаце Вышэйшага Дзяржсавета гэтай інтэграцыі прэзідэнты пачнуць працу крыху пазней.

У гэтыя хвіліны лідары краін СНД працягваюць працу. Вядома, што 2019 год у Садружнасці аб’явяць Годам кнігі, а 2020 - Годам Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А адным з самых значных дакументаў парадку дня будзе заява кіраўнікоў дзяржаў СНД аб падтрымцы інстытута сям'і. У ім гаворыцца, што захаванне традыцыйных каштоўнасцей - адзін з галоўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі. Тэкст заявы плануюць накіраваць у ААН, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Усе падрабязнасці - у нашых наступных выпусках.