Сёння ў Кіеве прайшла афіцыйная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны

18 июня 2013

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча прайшлі ў фармаце сам-насам, пасля чаго палітычны дыялог прадоўжыўся ў пашыраным складзе. Былі вызначаныя асноўныя шляхі развіцця - гэта стварэнне сумесных вытворчасцяў, беларускі вопыт у мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, падрыхтоўка спецыялістаў у сферы атамнай энергетыкі і выкарыстанне транзітных магчымасцяў абедзвюх краін. Менавіта зараз можна сказаць, што Беларусь і Украіна выйшлі на ўзровень доўгатэрміновага партнёрства.

Дэлегацыя, якая прыехала ў камандзе беларускага лідара ў Кіеў, вельмі шчыльна працавала, а перамовы паміж прэзідэнтамі выйшлі за рамкі афіцыйнага часавага пратакола. Аляксандр Лукашэнка і Віктар Януковіч гутарылі да вечара, што пацвярджае дружалюбны характар адносін паміж лідарамі дзвюх краін.


Усе падрабязнасці афіцыйнага візіту - у нашага карэспандэнта Сяргея Хамянтоўскага.

Да свайго ўкраінскага калегі ў Кіеў Аляксандр Лукашэнка ўжо прыязджаў. І на інаўгурацыю ў 2010 годзе, і на фінал Еўра ў мінулым. Але вось з афіцыйным візітам Аляксандр Лукашэнка ў Віктара Януковіча ўпершыню. Чырвоная дарожка, рота ганаровай варты - нязменныя атрыбуты афіцыйнага цырыманіялу. Аляксандр Лукашэнка прымае рапарт камандзіра роты ганаровай варты, гучаць дзяржаўныя гімны дзвюх краін. Прадставіўшы адзін аднаму членаў сваіх каманд, два прэзідэнты накіроўваюцца ў адміністрацыю на перамовы ў вузкім складзе. У спісе пытанняў тэма пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, мабыць, галоўная.


Летась тавараабарот паміж краінамі дасягнуў рэкордных 8 мільярдаў долараў. Наш экспарт робяць нафтапрадукты, калій, аўта- і сельгастэхніка. Да апошняй ва Украіне цікавасць асаблівая. Паводле розных падлікаў, з-за недахопу сельгасмашын на ўкраінскіх палях у год страчваецца каля 5 мільёнаў тон збожжа. Абнаўленне чакае 30-тысячны парк трактароў. Для прасоўвання сваёй сельгастэхнікі і яе патаннення Беларусь у рамках прамкааперацыі гатовая пайсці на максімальны ўзровень лакалізацыі вытворчасці машын ва Украіне.


Аб гатоўнасці шэрагу механізмаў патаннення тэхнікі, якая пастаўляецца, на перамовах пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. Сярод іх лізінг і кампенсацыя ставак па крэдытах. Украіна па выніках мінулага года трэцяя сярод гандлёвых партнёраў Беларусі. У сваю чаргу мы чацвёртыя партнёры пасля Расіі, Кітая і Германіі. Пра новыя эканамічныя магчымасці гаварылі сёння ў Кіеве. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што Беларусь, Расія і Казахстан гатовыя бачыць Украіну ўдзельніцай еўразійскай інтэграцыі.


Важнай тэмай перамоў стала энергетыка. Дапамагчы з падрыхтоўкай спецыялістаў у сферы мірнага атама папрасіў Аляксандр Лукашэнка свайго ўкраінскага калегу. Абмеркаваўшы ўвесь спектр супрацоўніцтва, бакі падпісалі шэраг важных дакументаў, якія пашыраюць узаемадзеянне. Ахова навакольнага асяроддзя, прыродакарыстанне, абарона правоў спажыўцоў - іх сфера дзеяння. Таксама Мінск і Кіеў завяршылі дагаворна-прававое афармленне дзяржмяжы паміж Беларуссю і Украінай.


Выйшаўшы да прэсы, два прэзідэнты не сталі ўтойваць, што адбыліся канструктыўныя і абсалютна адкрытыя перамовы. Краіны выйшлі на ўзровень сістэмнага доўгатэрміновага партнёрства. Значны патэнцыял мае пашырэнне міжрэгіянальных кантактаў. А калі шырэй, то Беларусь зацікаўленая ва ўмацаванні ўзаемадзеяння з Украінай з улікам актыўнага развіцця еўразійскай інтэграцыі. Эксперты ўпэўненыя, гэтая сустрэча і сённяшнія дамоўленасці адкрыюць новую старонку ў беларуска-ўкраінскіх адносінах.