Літаральна праз гадзіну Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звернецца са штогадовым Пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу. Гэта адна з самых чаканых палітычных падзей года. Зварот пройдзе ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў, дзе ўжо працуе цэлая армія журналістаў.
Што ж абмяркоўвае прэса ў кулуарах, спытаем у майго калегі. На прамой сувязі са студыяй - Аляксей Адашкін (прамое ўключэнне).
Выступленне Прэзідэнта за гэтай трыбунай пачнецца ўжо менш як праз гадзіну. Тут у зале яшчэ нешматлюдна. А вось у фае Дома ўрада, як гаворыцца, носа не ўбіць. Там, у калідорах улады, ужо пачынаюць збірацца тыя, хто зусім хутка зойме гэтыя месцы. У звычайны час тут працуюць 110 дэпутатаў ніжняй палаты нашага парламента. Кожны стол замацаваны за пэўным народным выбраннікам. Пра гэта гавораць гэтыя персанальныя надпісы. Але падчас звароту Прэзідэнта з пасланнем колькасць гасцей у Авальнай зале павялічваецца да 300, як сёння. Як бачыце, тут нават дадатковыя крэслы паставілі. Як заўсёды, у паслання будуць мільёны тэлегледачоў. Прамая трансляцыя пачнецца на нашым тэлеканале ў 11 раніцы. Для вяшчання ўсё гатова. У зале ўсталяваныя 12 тэлекамер, спецыяльны кран і такая цялежка для тэлекамеры. Ні адно слова, ні адзін жэст і погляд не прапусцяць тэлегледачы.
Дарэчы, пасланне Прэзідэнта для цяперашняга складу парламента будзе апошнім. Сёлета адбудуцца выбары дэпутатаў новага склікання. Структура выступлення Кіраўніка дзяржавы, паводле інфармацыі прэс-сакратара Прэзідэнта, застанецца традыцыйнай. Прамова будзе складацца з некалькіх вялікіх тэматычных блокаў. Цэнтральным і, як чакаецца, самым маштабным стане эканамічны блок. Размова можа пайсці пра задачы і планы на цяперашні год. Мадэрнізацыя прамысловасці, развіццё сельскай гаспадаркі, прыцягненне інвестыцый і павелічэнне экспарту, а таксама, як усё гэта адаб'ецца на дабрабыце людзей. Вось пытанні, якія могуць стаць цэнтральнымі. Па традыцыі насычанай будзе і частка, прысвечаная сацыяльнай палітыцы. Кіраўнік дзяржавы, напэўна, закране самыя актуальныя пытанні, такія як удасканаленне пенсіённай сістэмы, паляпшэнне аховы здароўя і адукацыі. Важная частка паслання Прэзідэнта заўсёды прысвечаная прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі і адносінам з нашымі найважнейшымі замежнымі партнёрамі. Адкрылася новая старонка ў адносінах з нашымі заходнімі суседзямі. А на ўсходзе мы працягваем інтэграцыю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і актыўна супрацоўнічаем з Кітаем, пракладаем "Новы Шаўковы шлях". Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення ў Авальнай зале Дома ўрада амаль заўсёды гаворыць пра кадравую стратэгію, а таксама звяртаецца да шматлікіх надзённых пытанняў.
Летась зварот Кіраўніка дзяржавы да парламента і народа доўжыўся дзве гадзіны сорак хвілін. Думаем, сёння выступленне зойме не менш часу. Пасля заканчэння прамовы Кіраўніка дзяржавы дэпутаты маюць магчымасць задаць Прэзідэнту свае пытанні. Мы ж будзем сачыць за ўсім, што адбываецца тут, і аператыўна дзяліцца сваімі назіраннямі.













