Сёння - асноўны дзень перамоў у Ашхабадзе

5 ноября 2013
Спачатку яны пройдуць у фармаце адзін на адзін, а затым у пашыраным складзе. Абмеркаваць ёсць што, бо сяброўства лідараў дзвюх краін і шчыры палітычны дыялог падмацоўваюцца рэальнай эканомікай.

Сяргей Хамянтоўскі з падрабязнасцямі сённяшніх сустрэч у Ашхабадзе.

Сёння асноўны дзень перамоў. Яго два прэзідэнты са сваімі камандамі правядуць у палацавым комплексе Агузхан. Спачатку Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў сустрэнуцца адзін на адзін. Потым да прэзідэнтаў далучацца міністры. Галоўнай тэмай перамоў, без сумнення, стане эканоміка. За апошнія 5 гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам павялічыўся ў 5 разоў пры станоўчым сальда для Беларусі і перасягнуў 300 мільёнаў долараў. Сяброўства двух лідараў падмацоўваецца рэальнай эканомікай. Прэзідэнты задаволеныя. Тым не менш абмеркаваць ёсць што. Гэта павелічэнне паставак беларускіх машын і тэхналогій.

Пераход Туркменістана ад сыравіннай эканомікі да інавацыйнай Беларусь гатовая падтрымаць. І сёння прэзідэнты павінны падпісаць пагадненне аб пастаўках беларускіх машын у Туркменістан на 2015-2016 гады. Усяго ж сёння будзе завізіравана 11 двухбаковых дакументаў у розных сферах. Будзе падчас візіту і час для гістарычнай памяці. Плануецца, што пасля афіцыйных перамоў у Ашхабадзе Аляксандр Лукашэнка адправіцца ў Кіпчак, родавае паселішча першага Прэзідэнта Туркменістана. Кіраўнік дзяржавы наведае маўзалей Сапармурата Ніязава.

Завершыцца візіт у Ашхабадзе ўрачыстай цырымоніяй ля манумента Канстытуцыі Туркменістана. Аляксандр Лукашэнка пасадзіць дрэва на Алеі Ганаровых гасцей.