Сёння пачынаецца афіцыйны візіт у Малдову Прэзідэнта Беларусі

18 апреля 2018

У Кішынёве Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са сваім малдаўскім калегам Ігарам Дадонам і прэм'ерам Паўлам Філіпам. Кіраўнікі дзяржаў правядуць перамовы ў фармаце адзін на адзін, а таксама ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый. Асноўная ўвага развіццю двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянню на інтэграцыйных пляцоўках - ЕАЭС і СНД. Асобна прагучыць і тэма АПК. Падрабязней наш карэспандэнт Вольга Макей.

Найбліжэйшыя дні тут, у Малдове, пройдуць пад знакам супрацоўніцтва з Беларуссю. Парадак дня насычаны: ужо сёння Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з прэзідэнтам Ігарам Дадонам. Галоўная тэма, вядома, эканоміка. Па сутнасці, сёння палітыкі працягнуць гутарку, якую пачалі ўлетку ў Віцебску.

Тады прэзідэнт Малдовы заявіў: візіт у Беларусь перасягнуў усе чаканні. Ігар Дадон пабываў на сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемствах. Пра наша малако ён сказаў: "Смачнейшае за віно", - а на Белкамунмашы нагледзеў новыя электробусы.

Зрэшты, у Малдове вынікі супрацоўніцтва з Беларуссю ўжо прыкметныя: па вуліцах Кішынёва курсіруюць тралейбусы сумеснай зборкі, у палях - беларускія трактары, у кватэрах - беларуская плітка, яе прадаюць у адным з самых буйных гандлёвых цэнтраў Малдовы, які падчас візіту ў 2014 адкрываў Аляксандр Лукашэнка. Зараз у планах абнавіць ліфты і аўтобусны парк, і ў гэтых пытаннях разлічваюць на кааперацыю з беларускімі вытворцамі

Ністар Гразаву, віцэ-мэр г. Кішынёва: "Я асабіста бываў неаднаразова ў Беларусі і бачыў гэтыя аўтобусы. Яны нам падабаюцца, яны былі на выпрабаванні ў Кішынёве. І яны паказалі сябе вельмі добра, гэтыя аўтобусы. Ды і ў Румыніі ёсць шмат гарадоў, дзе ездзяць выключна на беларускіх аўтобусах, і зараз мы ў тэндары ставім умову: пасля таго як будзем купляць аўтобусы, перайсці на зборку сумесную ў Кішынёве, каб цалкам задаволіць патрэбнасці горада".

Тавараабарот паміж краінамі - 220 мільёнаў долараў. Не шмат, улічваючы, што ў 2014 ён быў удвая вышэйшы. Як выцягнуць узаемны гандаль на ранейшы ўзровень і за кошт чаго прымножыць, і будуць абмяркоўваць на вышэйшым узроўні, у тым ліку і падчас перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, якія запланаваныя на заўтра. А паралельна з палітыкамі бізнес-кантакты будуць наладжваць дзелавыя партнёры дзвюх краін, у гэтыя дні пройдзе беларуска-малдаўскі форум. Па выніках сустрэч чакаюць падпісанні дамоў і кантрактаў.

Дарэчы, вясна ў Малдову, як і ў Беларусь, прыйшла са спазненнем, аграрыі краіны нядаўна пачалі пасяўную. А кампанію тут традыцыйна пачынаюць з Дня поля. Сёлета ён - 19 красавіка. Не выключана, што ў свяце прымуць удзел і прэзідэнты дзвюх краін.