Сёння на вышэйшым узроўні абмяркоўвалі новую канцэпцыю святкавання Дня Незалежнасці

29 мая 2017

Новы сцэнарый пры непахіснасці традыцый. Сёння на вышэйшым узроўні абмяркоўвалі і выпрацоўвалі новую канцэпцыю святкавання Дня Незалежнасці.

Як адзначыў Прэзідэнт, выходзіць на новы ўзровень урачыстасцяў па змесце, відовішчнасці, палітычнай і гістарычнай канве, па кансалідацыі грамадства вакол каштоўнасцяў Вялікай Перамогі, волі і суверэнітэту - гэта запыт часу і беларускага народа.

Абсалютная большасць беларусаў 3 ліпеня хоча бачыць, чым жыве і як развіваецца айчынная армія і грамадзянскі сектар, дакрануцца да навінак тэхнікі як у колерах хакі, так і абсалютна мірнага прызначэння, адчуць гонар за дзяржаву. У маладога пакалення яшчэ і запыт на новы фармат асвятлення парада. Гэта і камеры ў 360 градусаў, здымкі вачамі пілотаў і вадзіцеляў, інтэрактыўнасць і магчымасць адчуць усю атмасферу ўрачыстасцяў анлайн, нават знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад дома. Менавіта таму галоўнаму святу краіны трэба выйсці на новыя гарызонты, з безумоўным захаваннем ужо ўпадабаных элементаў сцэнарыя, цырымоній і рытуалаў. Як падкрэсліў Прэзідэнт, грошай на гэта дзяржава не пашкадуе.

Рыхтуючыся да галоўнага свята краіны, Беларусь пераймае і самы перадавы вопыт правядзення такіх урачыстасцяў. Размова не аб пампезнасці і дарагоўлі, а аб тым, як наблізіць свята да людзей і зрабіць яго запамінальным. Адной з такіх адметнасцяў з'яўляецца агляд найноўшых дасягненняў грамадзянскага сектара эканомікі. Г.з., як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, парад у Дзень Рэспублікі павінен быць не толькі аглядам арміі і ваенна-прамысловага комплексу, але і закліканы раскрываць патэнцыял Беларусі як маладой і дынамічнай краіны.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў раскрыў некаторыя сакрэты будучага дзейства. Так, будзе павялічана колькасць пешых каробак, да 220 вырасце колькасць адзінак ваеннай тэхнікі. Прычым пакажуць і супернавінкі - бронемашыны "Кайман" і V1, поўную эскадрыллю новых верталётаў Мі-8МТВ-5, і гэта далёка не ўсе сюрпрызы.

Нягледзячы на размах і новы фармат урачыстасцяў, армія рыхтуецца да свята традыцыйна сур'ёзна. Падрыхтоўка пачынаецца ўжо на наступны дзень пасля парада папярэдняга. Для вайскоўцаў гэта вялікі гонар і адказнасць - прайсці ў парадных разліках перад Галоўнакамандуючым і ўсёй краінай. Усе рэпетыцыі, навінкі і сюрпрызы ўрачыстых мерапрыемстваў мы пакажам першымі і падрабязна. Сачыце за нашымі навінамі і спецыяльнымі рэпартажамі.