Сёння Мінск стаў пляцоўкай для перамоў на вышэйшым узроўні

26 августа 2014
На сустрэчу ў беларускую сталіцу прыбылі прэзідэнты Казахстана, Расіі, Украіны, а таксама высокія прадстаўнікі Еўрасаюза. Прадмет абмеркавання - узаемаадносіны краін Мытнай тройкі з Украінай у сувязі з падпісаннем ёю пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і ўрэгуляванне сітуацыі ўнутры краіны.

Перамовам у пяцібаковым фармаце папярэднічаў шэраг двухбаковых сустрэч. Першым прыбыў у Мінск і адправіўся на перамовы з Кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Лейтматывам зносінаў адзін на адзін стала ўзаемная зацікаўленасць бакоў у нармалізацыі сітуацыі ва Украіне і аднаўленне там міру.


Пасля зносінаў прэзідэнтаў Беларусі і Украіны да Палаца Незалежнасці пад'ехаў картэж Вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі. Кіраўнік беларускай дзяржавы асабіста вітаў Кэтрын Эштан. На сустрэчы з еўракамісарам Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на тое, што мінская сустрэча дазволіць канцэптуальна вызначыцца, каб пачаць рух да міру ва Украіне. Кэтрын Эштан, у сваю чаргу, адзначыла важную ролю Беларусі ў правядзенні перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі.