Сёння Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях развіцця сыравіннай базы Беларусі

18 декабря 2015

Тэма актуальная не толькі ў ключы эканамічных аспектаў, але і з пункта гледжання палітыкі. Ад таго, наколькі рацыянальна выкарыстоўваюцца багацці нетраў, залежыць, у тым ліку, стабільнае развіццё дзяржавы. Зараз перад Беларуссю стаяць задачы больш эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў, а таксама актыўнага нарошчвання аб'ёмаў здабычы карысных выкапняў у мэтах імпартазамяшчэння і росту экспарту паслуг. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць зніжэння залежнасці беларускай эканомікі ад імпарту сыравіны па тых пазіцыях, якія ў нашай краіне ў лішку. Акцэнты былі расстаўлены і ў дачыненні да іншых момантаў - укараненне высокаэфектыўных тэхналогій у здабычы і перапрацоўцы выкапняў і прыцягненне інвестараў. За кошт чаго будуць нарошчваць экспартны патэнцыял і скарачаць імпарт? Падрабязнасці нарады ў Ілоны Красуцкай.

У жніўні інфармагенцтвы мільгалі загалоўкамі: у Беларусі знойдзена новае радовішча нафты. Залатую жылу знайшлі на Гомельшчыне. Прыпяцкі прагін - тэрыторыя, дзе ўжо, здавалася б, усё даўно даследавана, прынесла дадатковыя 850 тон чорнага золата.

У найбліжэйшыя тры гады на гэтых залежах плануюць прабурыць да 7 свідравін. Зараз геолагі разам з навукоўцамі праводзяць даследчыя работы. У 2015 гэта ўжо другое адкрыццё ў Рэчыцкім раёне. У лютым атрыманы фантанны прыток нафты - амаль 100 тон за суткі.

130 мільёнаў тон за апошнія паўстагоддзя. Менавіта такую колькасць нафты атрымалі спецыялісты з моманту правядзення першых работ на беларускіх радовішчах. Разам 82 разведаных і практычна столькі ж знаходзяцца ў распрацоўцы.

Штогод у рэспубліцы здабываюць больш за паўтара мільёна тон чорнага золата. Усё адпраўляюць за мяжу. А вось рэшту прамысловых запасаў беларускай нафты ацэньваюць у 53,5 мільёна. Спецыялісты падлічылі - гэтага хопіць яшчэ на 35 гадоў. Дарэчы, у сусветным рэйтынгу па здабычы наша краіна знаходзіцца на 64-м месцы. Мы атрымліваем нафты ў 330 разоў менш за лідара спісу - Саудаўскую Аравію, але ў 320 разоў больш, чым краіна, якая яго замыкае - Эфіопія. Здабыча вуглевадародаў прыносіць Беларусі каля трох мільёнаў долараў штодня і амаль мільярд за год.

У канцы ліпеня на нарадзе ў Прэзідэнта ўжо абмяркоўвалі пытанні мінеральна-сыравіннай базы краіны і перспектывы геолагаразведкі. Тады Кіраўнік дзяржавы паабяцаў узяць тэму на асаблівы кантроль.

Гэту пятніцу ў сваім рабочым графіку Аляксандр Лукашэнка зноў прысвячае вялікай гутарцы. У першую чаргу Прэзідэнт акцэнтуе ўвагу на нарошчванні экспарту паслуг і скарачэнні імпарту па тых сыравінных пазіцыях, якіх у Беларусі ў лішку.

Нягледзячы на няўстойлівасць рынкаў, ад таго, наколькі рацыянальна выкарыстоўваюцца багацці нетраў краіны, залежыць устойлівасць эканомікі. Таму зараз актуальна пытанне ўкаранення высокаэфектыўных тэхналогій у здабычы і перапрацоўцы выкапняў. Спадарожнае пытанне - зніжэнне залежнасці эканомікі ад імпарту сыравіны.

Сярод асноўных спікераў Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Андрэй Каўхута на пасадзе ўсяго паўгода. Даючы згоду на гэта прызначэнне, Кіраўнік дзяржавы ставіў некалькі ўмоў. Прыярытэт эканамічным падыходам у выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

І хоць у Андрэя Каўхуты цвёрдая глеба пад нагамі - геолаг, аўтар больш як ста навуковых прац - кіраўніку ведамства прыйдзецца капнуць глыбока. Чакае Прэзідэнт і ініцыятыў па лініі міжнароднага супрацоўніцтва. Асобная тэма - прыцягненне інвестараў да здабычы прыродных рэсурсаў, а таксама асваенне новых радовішчаў карысных выкапняў.

У Беларусі выяўлена каля 10 тысяч радовішчаў карысных выкапняў. Калі ўлічыць тэрыторыю ўсёй краіны, выходзіць, што на кожны дваццаты квадратны кіламетр прыходзяцца разведаныя нетры. Па залежах торфу наша краіна на другім месцы ў СНД і дзясятая ў свеце. А прамзапасы калійных солей без малога 8 мільярдаў тон. Па гэтым паказчыку Беларусь уваходзіць у тройку сусветных лідараў.

Дзякуючы сусветнай рэпутацыі надзейнага партнёра сёння ўжо да нас паступае шэраг прапаноў аб альянсе. Зразумела, на беларускіх умовах. Шматлікія дзяржавы, якія валодаюць, здавалася б, незлічонымі падземнымі багаццямі (Венесуэла, Зімбабвэ, шэраг іншых лацінаамерыканскіх, афрыканскіх краін) прапануюць Беларусі супрацоўніцтва ў правядзенні геолагаразведачных работ і здабычы карысных выкапняў.

Геолагі ўжо звярсталі для сябе новую праграму вывучэння нетраў. Гэта план на найбліжэйшыя 4 гады. Запланаваны рэгіянальныя работы на малавывучаных тэрыторыях, вялікіх глыбінях. Гэту ініцыятыву Прэзідэнт адобрыў. Аднак не абышлося і без крытыкі. Наракаў Аляксандр Лукашэнка на адсутнасць гучнага брэнда яшчэ ў аднаго прыроднага багацця Беларусі - мінеральнай вады.

У Беларусі знойдуць і большае прымяненне торфу. На цэментных заводах яго пачнуць выкарыстоўваць замест імпартуемага каменнага вугалю. Гадавая эканомія, згодна з падлікамі ўрада, складзе каля 20 мільёнаў долараў.