Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ

1 марта 2019

Сёння адбудзецца "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Маштабнае мерапрыемства, на якое збяруцца прадстаўнікі розных сфер: палітолагі, эканамісты, журналісты, працаўнікі рэальнага сектара эканомікі, грамадскія аб'яднанні і канфесіі. Белтэлерадыёкампанія арганізоўвае трансляцыю мерапрыемства ў прамым эфіры. "Вялікая размова з Прэзідэнтам" пачнецца ў 10:30. Такія сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы заўсёды прыцягваюць увагу не толькі аналітыкаў, але і ўсіх беларусаў. І штораз маюць вялікі грамадскі рэзананс, бо можна пачуць меркаванне Кіраўніка дзяржавы па самых розных тэмах. А Прэзідэнту важна атрымаць зваротную сувязь, бо такі зрэз меркаванняў ляжа ў аснову падрыхтоўкі да Паслання народу і Нацыянальнаму сходу. Такі адкрыты дыялог упершыню правялі два гады таму.

Якой будзе сёлетняя "Вялікая размова", раскажа наш палітычны аглядальнік Вольга Макей.

Лічаныя гадзіны застаюцца да таго моманту, як усе гэтыя месцы ў комплексе "БелЭкспа" будуць занятыя. Тут чакаюць больш як 200 гасцей. Гэта журналісты, эксперты, кіраўнікі прадпрыемстваў, ды і проста працаўнікі самых розных сфер. "Вялікая размова з Прэзідэнтам", як зразумела з назвы, гэта не проста фармат "пытанне-адказ", а сапраўдная размова і адкрыты дыялог па самых розных тэмах.

У такім фармаце Кіраўнік дзяржавы ўжо сустракаўся з беларусамі два гады таму, тады абмеркавалі літаральна ўсе сферы нашага жыцця - ад простых народных тэм і пытанняў да глабальных, геапалітычных, якія, вядома, таксама ўплываюць на наш з вамі светапогляд і жыццё. З тых часоў многае памянялася і ў свеце, і ў нашай краіне, новыя эканамічныя выклікі, дабавіліся інфармацыйныя пагрозы, змянілася сітуацыя і ў нашых найбліжэйшых суседзяў, і ў далёкіх партнёраў. Вядома, усе гэтыя тэмы сёння хвалююць беларускае грамадства. Як раз-такі, каб атрымаць зрэз меркаванняў, Прэзідэнт запрашае да размовы. Гэта сустрэча стане і фундаментам для падрыхтоўкі да яшчэ аднаго важнага мерапрыемства гэтай вясны.

Фармат мерапрыемства як раз задумалі так, каб у самых розных прадстаўнікоў грамадства была магчымасць абмяняцца меркаваннямі, азначыць праблемныя тэмы і пачуць адказы Кіраўніка дзяржавы на надзённыя пытанні. Але ў першую чаргу Прэзідэнта цікавіць, якой усе мы бачым будучыню краіны, а яна залежыць ад кожнага.

Зусім хутка нас чакае маштабны дыялог, у якім кожны зможа атрымаць адказы на надзённыя пытанні і адзначыць для сябе найважнейшыя тэмы і праблемы. Да тэлетрансляцыі ўжо ўсё гатова - у зале працуе паўтара дзясятка тэлекамер. Так што і ўбачым, і пачуем кожнага спікера!