Сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў Клімавіцкі раён

25 апреля 2014
Працягваецца рабочая паездка Кіраўніка дзяржавы па раёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам вяснова-палявых работ у рэгіёне і звярнуў увагу на праблемы ў сферы пладаводства і свінагадоўлі. Вытворчасць свініны ў краіне сёння паменшылася на 11% у параўнанні з мінулым годам. Прэзідэнт даручыў да снежня выйсці на стапрацэнтны паказчык у гэтай галіне. Асобнае пытанне да вытворцаў малака. Надоі таксама ўпалі. Прычым у Магілёўскай вобласці паказчыкі - адны з горшых у краіне. Гэта звязваюць з нізкай дысцыплінай і невысокай прафпадрыхтоўкай кадраў. Кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца і выправіць сітуацыю.

Таксама сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.
Сёння гэтая адзіная сярэдняя спецыяльная ўстанова ў Магілёўскай вобласці, дзе рыхтуюць ветэрынараў і заатэхнікаў. Кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з навучальным працэсам і матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа, а таксама пагутарыў са студэнтамі.

У гэтыя хвіліны ў Клімавічах праходзіць нарада па выкананні даручэння Кіраўніка дзяржавы па сацыяльным і эканамічным развіцці ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. Усе падрабязнасці ў вячэрніх выпусках навін.