Зборнік "Родныя песні" Я. Коласа перадрукавалі нанава ва Узбекістане і падарылі Прэзідэнту Беларусі

15 сентября 2018

У гады Вялікай Айчыннай вайны менавіта Ташкент на час прыняў тысячы жыхароў, якіх эвакуіравалі з захопленых тэрыторый, у тым ліку і беларусаў. Сярод іх і наш знакаміты пясняр Якуб Колас. Тры гады класік жыў у эвакуацыі ў Ташкенце побач з іншымі пісьменнікамі, навукоўцамі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, чыёй задачай у тыле было граміць ворага розумам і талентам. Узбекам жа на памяць беларускі пясняр пакінуў добрае сяброўства і свой том вершаў, перакладзеных на ўзбекскую мову. У памяць пра класіка ўжо ў сённяшнім Ташкенце выпусцілі і зборнік з вядомымі творамі паэта, які сімвалічна назвалі "Родныя песні". Новы экзэмпляр Шаўкат Мірзіёеў прэзентаваў нашаму Прэзідэнту. Аб тым, як мінулае і сучаснасць трывала звязала нашы краіны і народы, прадоўжыць Наталля Бардзілоўская.

Ці мог прадбачыць Канстанцін Міцкевіч, што ў жыцці давядзецца яму ўбачыць пяскі пустыняў, горныя краявіды і стэпы Сярэдняй Азіі. Удыхнуць гарачае паветра і стаць сябрам людзей з непадобнымі да нашых традыцыямі і яркім тэмпераментам! З сонечным краем Усходу паэта звялі вымушаныя акалічнасці… Пачалася вайна.

22 чэрвеня 1941-га класік сустрэў у Мінску. Яго дом на месцы цяперашняга парку Горкага амаль адразу трапіў пад бамбёжку, згарэў разам з рукапісамі і грашыма. Колас мог бы адразу эвакуіравацца, вывезці сям'ю - у яго распараджэнні быў асабісты аўтамабіль. Але Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч затрымаўся, каб дапамагчы выехаць за лінію агню сябрам, знаёмым, суседзям. Ён не паспеў нават убачыцца з сярэднім сынам Юркам, які па ўласным жаданні пайшоў у прызыўны пункт, потым на фронт. Сам Колас з жонкай адным з апошніх выехаў з сталіцы.

24 чэрвеня 1941-га ў яшчэ незахопленым Мінску радыё імя Саўнаркама БССР перадае: "Шалёнага сабаку на ланцуг !" - першы ваенны верш класіка апублікавала і газета "Правда". Колас заклікае народ перакаваць плуг на меч і даць адпор ворагу. Праз некалькі дзён сам амаль шасцідзесяцігадовы паэт эвакуіруецца. Спачатку падмаскоўная Клязьма. 7 жніўня беларускі пясняр накіроўваецца ва Узбекістан.

Ташкент - нефармальная сталіца эвакуацыі. У самым пачатку вайны практычна ўся творчая і пісьменніцкая інтэлігенцыя Савецкага Саюза атрымала ад Сталіна броню. Каб мастацтва магло выконваць сваю ідэалагічную і натхняльную функцыю, у суровы час савецкім урадам было прынята рашэнне эвакуіраваць пісьменнікаў, мастакоў, кінастудыі, навуковыя арганізацыі ўглыб Расіі - у Сярэднюю Азію і Казахстан. Там лепшыя розумы і таленты набліжалі перамогу. За ваенныя саракавыя Ташкент прыняў каля мільёна жыхароў з іншых рэспублік. Гасцям было дадзена больш як 135 000 квадратных метраў жылля. Мясцовыя дзяліліся з прыезджымі адзеннем, абуткам, ежай…

Вось вуліца, дзе Якуб Колас жыў у Ташкенце. Суседзямі Міцкевічаў былі мясцовыя паэты, а пасля і сябры беларуса: Хамід Алімджан, Зульфія, Гафур Гулям. Па гэтай вуліцы наш класік пешшу хадзіў на працу - Саюз пісьменнікаў быў побач. Тут шпацыраваў з Марыяй Дзмітрыеўнай (жонка Коласа вельмі хварэла, ёй патрэбнае было паветра). У кватэры па гэтым адрасе нараджаліся яго артыкулы, пераклады на ўзбекскую мову, вершы - прысвячэнні ўзбекам. Па гэтым адрасе Колас сустрэў шасцідзесяцігадовы юбілей.

Па вуліцы Коласа ў пасляваенным Ташкенце будуць хадзіць да 1966 года.

Пасля - магутнае землетрасенне, якое тады трагічна змяніла ўсю ўзбекскую сталіцу. Яна даўно адрадзілася і сёння выглядае, як усходняя казка, якая спалучае ў сабе дыханне традыцый і дынамічны сучасны тэмп.

Дарэчы, тая самая вуліца, па якой калісьці крочыў Колас, сёння называецца Якачынор, але ўзбекі ўжо заявілі: ранейшая "беларуская" назва будзе вернута. Першы крок да афіцыйнага звароту да памяці Якуба Коласа тут быў зроблены ў жніўні гэтага года: на скрыжаванні вуліц Шахрысабз і Шаўчэнкі ўзвялі трохметровы бюст-помнік паэту. Моцны чалавек з валявым характарам - Колас у камені. Гэта месца шанавання і ўрачыстасцяў. Напярэдадні, прымаючы высокага госця - кіраўніка беларускай дзяржавы, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў адным з ганаровых маршрутаў і месцам памятнай сустрэчы абраў менавіта гэты - да бюста народнага паэта Беларусі Якуба Коласа кіраўнікі абедзвюх дружалюбных краін усклалі вянкі і кветкі. Гэта паразуменне і цяпло паміж народамі закладвалася гістарычна. І з часоў Вялікай Айчыннай вайны. На адных франтах плячом да пляча стаяла і Беларусь, вызваляла шматнацыянальная Савецкая армія, каля паўтара мільёна байцоў у якой былі ўзбекі! Узбекістан з тыле біў па ворагу: прадпрыемствы працавалі на абарону, творчая і навуковая інтэлігенцыя - на ідэалогію.

Колас у Ташкенце з 1941 па 1943. Публікуе зварот да суайчыннікаў: "Да зброі, беларускі народ!". Піша зборнік вершаў "Адпомсцім". Перакладае на рускую паэму "Голас зямлі". Піша прысвячэнне падзеям вайны "Суд у лесе".

Міцкевіч збірае грошы на танк для фронту. Сам жыве ў нястачы, але знаходзіць сродкі для дапамогі сябрам і калегам. Перадае грошы Ганне Ахматавай, не закрануўшы гонару жанчыны і паэткі, праз Святлану Сомаву.

Ташкенцкі час для Коласа - гэта аддушына і падстава для коласазнаўцаў гаварыць на тэму муз. На адным з вечароў у Саюзе пісьменнікаў беларускі класік знаёміцца з расійскай паэткай. Святлана Сомава маладзейшая ад Коласа на 30 гадоў. Замужам. Маці дваіх дзяцей. Ён будзе бачыцца з ёй амаль штодня. Натхнёны, будзе эксперыментаваць са складам. У гонар Сомавай напісаны акраверш-санет Коласа (гэта калі па вертыкалі гарызантальна напісаных радкоў чытаецца імя "Святлана").

Ён прысвяціў ёй трыццаць вершаў. Яна перавяла яго вершы на ўзбекскую. Коласаўскае захапленне Ташкентам у паэзіі - пра раку Салар, радкаі пра гару Чымган, пра цёплыя ўсходнія вечары і працавітых, міралюбных узбекаў. У саракавыя ў выдавецтве Узбекістана выйшаў том "Родныя песні".

Мінулі дзесяцігоддзі. Зараз гэты зборнік ва Узбекістане перадрукавалі нанава, і першым уладальнікам абноўленага коласаўскага збору стаў Прэзідэнт Беларусі. Цёплай і кранальнай часткай афіцыйнага візіту Кіраўніка нашай дзяржавы ва Узбекістан стала цырымонія 13 верасня. З рук калегі, прэзідэнта Узбекістана, Аляксандр Лукашэнка атрымаў у дарунак экзэмпляр кнігі "Родныя песні" Якуба Коласа.