Саміты ў Сочы працягваюць заставацца ў цэнтры ўвагі журналістаў і экспертаў

12 октября 2017

Лідары дзяржаў абмеркавалі актуальныя пытанні ў фарматах СНД і ЕАЭС. Прынята больш за тры дзясяткі дакументаў. Шырокі рэзананс у СМІ выклікала крытыка ад беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка адкрыта абазначыў праблемы, якія востра стаяць перад інтэграцыямі. Дрэнна працуе парламенцкае вымярэнне. Не выкарыстоўвае ўвесь патэнцыял і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Ці спрацуе "палітычны рэцэпт" вырашэння праблемы? І ад якіх бар'ераў у першую чаргу трэба пазбаўляцца ў ЕАЭС? Меркаванні экспертаў сабраў Аляксей Марцінёнак.

Еўразійская інтэграцыя з ідэі пачатку дзевяностых ужо вырасла ў буйнога сусветнага палітычнага гульца. Каля 20-ці гадоў большасць постсавецкіх краін ідзе на збліжэнне. Правапераемная Садружнасць Незалежных Дзяржаў як платформа, клуб такіх розных адзінаццаці, але пляцоўка неабходная. А вось на базе Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі вырасла мытная "тройка", якая зараз ужо "шасцёрка" і прынцыпова новага ўзроўню. У ЕАЭС хочуць трапіць (зараз на чарзе Малдова), таму што гэта сапраўды выгадна. А ўсяго больш за 50 краін зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве. Глабальная стратэгія амбіцыйная - уважліва ўлічвае нават планы Кітая: ужо знойдзена спалучэнне з самай вялікай сусветнай ініцыятывай "Адзін пояс - адзін шлях".

Увогуле, менавіта ЕАЭС паступова становіцца ядром інтэграцыі на кантыненце. Але наперадзе яшчэ доўгая дарога, і вельмі цяжка бегчы стаерскую дыстанцыю з гандлёвымі бар'ерамі. У Беларусі гэта разумеюць асабліва дакладна. Бо менавіта мы вырабляем, а значыць і гандлюем. І, як паказалі сочынскія саміты, фармулюем "болевыя пункты" інтэграцый.

Юрый Крупноў, палітычны і грамадскі дзеяч (Расія): "Сёння мы знаходзімся ў такім далікатным стане, прайшла чвэрць стагоддзя пасля развалу СССР. Фантазіі і дрэнныя прагнозы не апраўдаліся. З другога боку, незразумела, дзе еўразійская інтэграцыя. Зараз еўразійская інтэграцыя стала цацкай у руках палітолагаў і чыноўнікаў, якія ёю займаюцца. У гэтай далікатнай сітуацыі меркаванне Беларусі вельмі запатрабаванае".

Гутарка лідараў СНД у вузкім складзе - першы раўнд палітычнага марафону, які прадоўжыцца да позняга вечара. Аб'яднанне будзе запатрабаваным, калі краіны-ўдзельнікі ўбачаць добры эканамічны эфект, так што патрэбныя канкрэтныя дзеянні. Пра гэта гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Галоўная задача - адаптаваць Садружнасць да сучасных рэалій. Шырокі пакет прапаноў беларускага боку: ад роўнага доступу да дзяржзакупак да рэформы не самых эфектыўных структур.

У гэтую суботу Міжпарламенцкая асамблея СНД збярэцца на чарговую сесію ў Санкт-Пецярбургу. І там мы, вядома, пачуем водгук сочынскіх пасылаў. Пакуль жа меркаванне беларускага лідара па пунктах разбіраюць эксперты.

Тэма выняццяў і гандлёвых бар'ераў рэгулярна гучыць на пляцоўцы ЕАЭС. Сем гадоў таму, яшчэ ў рамках Мытнага саюза, пошліны Беларусі, Расіі і Казахстана супадалі толькі на 40 працэнтаў. Нарэшце, настаў час рашучых крокаў - з 2019 года ў адзіны рынак электраэнергіі, а на год раней павінна з'явіцца выразнае разуменне па нафце і газу.

У такой складанай і маштабнай інтэграцыі ўсё не можа быць ідэальна. І справа не толькі ў гандлёвых бар'ерах. Усё менш, але ўсё яшчэ спатыкаюцца краіны і на кааперацыю базавага ўзроўню купі-прадай. На ёй завязаны і беларускія прамысловыя прадпрыемствы, дзе працуюць тысячы людзей.

Юрый Крупноў, палітычны і грамадскі дзеяч (Расія): "Нельга справу абмяжоўваць толькі зняццем бар'ераў. Мы не вырашылі базавыя пытанні, якія ўсё роўна прыйдзецца вырашаць. Машынабудаванне: кааператыўныя ланцужкі знаходзяцца ў дрэнным стане. Вялі перамовы па станкабудаванні. У Беларусі стварылі. У Расіі не. Гэта гаворыць аб тым, што якія б кодэксы не прымалі, у нас няма базавага практычнага адзінства".

Кантакт трэба наладжваць, у тым ліку і на палях такіх самітаў. Беларусь і Узбекістан у Сочы скарысталіся магчымасцю і пацвердзілі курс, узяты яшчэ год таму ў Самаркандзе. Узаемны гандаль ужо паказаў добры рост, і гэты вынік атрымалі, можна сказаць, у ручным рэжыме.

Праблемы і бар'еры будуць заўсёды. Але яны бачныя, і (што важна) іх абмяркоўваюць. І ўсё ж вялікі сочынскі палітычны марафон можна назваць удалым. У фармаце СНД лідары ўзгаднілі два дзясяткі дакументаў. Самы вялікі пакет - па пытаннях бяспекі. У рамках ЕАЭС рашэнні перспектыўныя, заўтрашняга дня: ад стварэння сумеснай групоўкі спадарожнікаў да працы над новым Мытным кодэксам. Увогуле, курс на яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва на шляху да асноўнай мэты. Бо ў інтэграцыі высокага ўзроўню асноўнае слова - роўнасць. І галоўнае, каб да гэтага выразнага знака сочынскіх самітаў стаўленне не было паралельным.