Саміты краін Садружнасці і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета адбыліся напярэдадні ў Сочы

12 октября 2017

Удзел у форумах прыняў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заявы аб запатрабаванасці СНД трэба падмацаваць пэўнымі дзеяннямі, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Існуюць у Садружнасці і свае "болевыя кропкі". Некаторыя структуры ў рамках СНД працуюць не самым эфектыўным чынам. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Міжпарламенцкую асамблею СНД і прапанаваў удасканальваць яе дзейнасць.

Па выніках перамоў прэзідэнты падпісалі 18 дакументаў. Самы вялікі пакет датычыцца бяспекі. Таксама лідары Садружнасці прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Пытанні ў сферы інфарматызацыі прамысловага супрацоўніцтва і міжнароднай дзейнасці разглядаліся ў рамках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Эканомікі краін ЕАЭС сёлета вярнуліся на траекторыю росту. Зрабіць гэтую тэндэнцыю ўстойлівай - галоўная задача аб'яднання. Па выніках узгоднена 16 дакументаў. Краіны адобрылі бюджэт ЕАЭС на наступны год - ён складзе больш за 8 мільярдаў расійскіх рублёў. Прэзідэнты падпісалі і заяву аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур - для ўступлення ў сілу новага Мытнага кодэкса. Па гэтым дакуменце на пляцоўцы ЕАЭС пачынаюць працаваць з 1 студзеня.