Аляксандр Лукашэнка: З улікам надвор'я трэба аператыўна і без страт убраць увесь ураджай

7 августа 2018

З улікам надвор'я трэба аператыўна і без страт  убраць увесь ураджай. Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

І хоць нарада ў Палацы Незалежнасці першапачаткова была прысвечана вузкай эканамічнай тэматыцы - эфектыўнасці працы свабодных эканамічных зон, пачаў яе Кіраўнік дзяржавы з найбольш актуальных і глабальных задач, якія стаяць зараз перад краінай. Галоўны акцэнт – якасць уборачнай кампаніі. Недабор збожжавых неабходна кампенсаваць кукурузай, а кармы для жывёлагадоўлі захаваць пры выкананні ўсіх тэхналогій. Такі ж падыход і адносна падрыхтоўкі глебы да азімых. Таксама Прэзідэнт праанансаваў і найбліжэйшыя рабочыя паездкі ў рэгіёны - гэта Гомель і Орша. Асноўную ўвага нададуць выкананню даручэнняў па развіцці гэтых тэрыторый, павышэнні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.

Што тычыцца павышэння эфектыўнасці свабодных эканамічных зон. Гэтая тэма неаднаразова разглядалася на вышэйшым узроўні, у тым ліку з улікам змяненняў мытнага заканадаўства ў рамках ЕАЭС. Рэзідэнты атрымалі дадатковыя прэферэнцыі - вызваленне ад зямельнага падатку, арэнды, зніжэнне мінімальнага аб'ёму інвестыцый (да паўмільёна еўра) для атрымання статусу рэзідэнта. Сёння ў Беларусі працуюць 6 СЭЗ. У іх зарэгістравана больш за 400 рэзідэнтаў, створана звыш 120 тысяч рабочых месцаў. У цэлым свабодныя эканамічныя зоны фарміруюць да 4 % ВУП. Але з улікам створаных умоў Кіраўнік дзяржавы чакае большай аддачы. Сённяшняя нарада - падстава яшчэ раз дэталёва прааналізаваць эфектыўнасць працы СЭЗ, іх эканамічныя паказчыкі, заработную плату і ўмовы працы людзей. Прэзідэнту сёння падалі новы праект указа. Дакумент прадугледжвае дадатковыя механізмы развіцця СЭЗ.

Новы праект указа ад урада - гэта не дадатковыя льготы для рэзідэнтаў, а пашырэнне тэрыторый свабодных эканамічных зон за кошт перспектыўных зямельных участкаў. Бо на тэрыторыі 6 СЭЗ інвестары прапануюць ужо новыя праекты на суму 850 мільёнаў долараў. У цэлым Кіраўнік дзяржавы адобрыў праект указа. Як плануецца, неўзабаве ён будзе падпісаны. Аднак з абавязковай умовай - да канца года інвестары павінны пачаць рэалізацыю ўсіх праектаў. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.