С. Румас далажыў Прэзідэнту аб грашова-крэдытнай палітыцы, Еўрапейскіх гульнях, футболе і мадэрнізацыі Кабінета Міністраў

6 сентября 2018

Сённяшні дзень у Прэзідэнта насычаны рабочымі сустрэчамі. Тэмы перамоў - адны з самых значных і найбольш абмяркоўваюцца і на вышэйшым узроўні, і сярод насельніцтва. Гэта расследаванне гучных крымінальных спраў, прынцыповыя эканамічныя пытанні, спорт. Праект прагнозу развіцця Беларусі, бюджэт і асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год ужо падрыхтаваныя абноўленым складам урада і праходзяць фінішныя ўзгадненні. Аб гэтым сёння Прэзідэнту далажыў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго ў першую чаргу цікавіць развіццё эканамічных працэсаў з улікам няпростых знешніх і ўнутраных выклікаў і іх уплыў на фінансавае здароўе беларускай эканомікі. Таксама Прэзідэнт пацікавіўся пазіцыяй старшыні ўрада па вёрстцы перспектыўных бюджэтаў на тэрмін да 5 гадоў і мадэрнізацыі самой структуры Кабінета Міністраў пасля абнаўлення.

Як адзначыў кіраўнік урада, усе планавыя паказчыкі на бягучы і будучы гады (у тым ліку па росце ВУП і ў сферы фінансаў) будуць выкананыя. Савет Міністраў бачыць рэзервы не толькі для павелічэння тэмпаў росту эканомікі ў другім квартале года, але і перавышэння прагнозу па ключавых паказчыках. Пры гэтым адным з галоўных фактараў запаволення стала аслабленне расійскага рубля і нявырашанасць па прынцыповых для Беларусі пазіцыях. Сярод іх пастаўкі сырой нафты, рэфінансаванне часткі доўгу і атрыманне еўразійскіх крэдытных рэсурсаў. Ва ўрадзе разлічваюць прыйсці да пагаднення з расійскімі калегамі на працягу двух тыдняў.

Пакуль не знятыя з Сяргея Румаса і пытанні развіцця гульні № 1 - беларускага футбола. Лідар папрасіў кіраўніка ўрада папрацаваць у федэрацыі да сакавіка - красавіка будучага года. Таксама Прэзідэнт закрануў яшчэ адну актуальную спартыўную тэму - падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі. Змагацца з гаспадаром першага форуму - Азербайджанам - па аб'ёме трат на правядзенне спаборніцтваў не варта. Беларусы павінны ўзяць "душэўнасцю і высокім узроўнем арганізацыі", падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гатоўнасць Беларусі да правядзення II Еўрапейскіх гульняў на самым высокім узроўні не выклікае сумненняў ні ў рэспубліцы, ні ў міжнародных партнёраў. На сёння засталося толькі адно буйное пытанне - па часовай інфраструктуры. Але і яно ў працэсе вырашэння, адзначыў Сяргей Румас. Працягваючы спартыўную тэматыку, прэм'ер запрасіў усіх балельшчыкаў падтрымаць нацыянальную зборную ў найбліжэйшую суботу.

У дакладзе Прэзідэнту Сяргей Румас таксама адзначыў, што абноўлены склад урада пачаў працаваць неадкладна, і сёння ўся структура Савета Міністраў працуе ў штатным рэжыме. Што да яе абнаўлення, то, на думку прэм'ера, 36 членаў урада для невялікай краіны шмат. Па даручэнні Прэзідэнта гэтае пытанне патрабуе дадатковай дбайнай прапрацоўкі.