З рабочай паездкай Аляксандр Лукашэнка наведаў Магілёўскую вобласць

14 ноября 2016

380 000 чалавек - насельніцтва Магілёва. Разам з вобласцю - мільён беларусаў. Пра лёс гэтых людзей сёння і ішла гутарка. Пра будучыню на сваёй зямлі, магчымасць вучыцца і працаваць, пра годныя зарплаты, утульнае жыллё. Прамысловасць, сацыяльная сфера, інфраструктура - усе гэтыя пытанні трэба разглядаць комплексна.

Акультурыць горад, надаць глянец і дадаць утульнасці ў будні яго жыхароў - такая задача ставілася Прэзідэнтам падчас папярэдняй паездкі ў ліпені гэтага года. Тады Кіраўніку дзяржавы паказалі праект, якім будзе Магілёў. Сёння Аляксандр Лукашэнка праверыў, як ідзе выкананне яго даручэнняў. Прэзідэнт адразу пытае пра канкрэтыку, нацэлены на рашэнне праблем: занятасць, зарплаты, стан прадпрыемстваў. Бо развіццё горада, лёс яго жыхароў пачынаецца з эканомікі. Інфармацыю аб зарплаце 500 долараў у 2017 нашы калегі падхапілі адразу. Мы ж хочам акцэнтаваць увагу на тым, што Прэзідэнт патрабуе росту прадукцыйнасці. Не намаляваць на паперы гэтыя лічбы, а дамагчыся павышэння якасці прадукцыі, меншых выдаткаў, ствараць новыя рабочыя месцы і літаральна ратаваць прадпрыемствы, каб даваць працу людзям.

2020 год як рубеж. Магілёў павінен здабыць новае аблічча, прадпрыемствы ў рэгіёне дзякуючы мадэрнізацыі - новае дыханне. Задачы ставяцца Прэзідэнтам дакладныя, з пэўнымі тэрмінамі. Гэты дзень у Кіраўніка дзяржавы атрымаўся насычаным: разгледжаныя і пытанні канцэптуальнага развіцця горада, і пэўныя праблемы прадпрыемства "Хімвалакно", шмат гаварыў Аляксандр Лукашэнка з людзьмі, адказваў на пытанні. Гэта ўжо традыцыя.

Аляксей Адашкін пачынае агляд сённяшняй рабочай паездкі Прэзідэнта.

Магілёву варта дадаць глянцу і гармоніі. Такое даручэнне ў ліпені гэтага года даў Прэзідэнт, калі наведваў горад на Дняпры. Астатнія абласныя цэнтры здолелі навесці парадак і стварыць утульнасць, а вось Магілёў некалькі адставаў. Перамены, якія адбыліся з лета, прыкметныя здалёку.

Шырыня Дняпра ў Магілёве дасягае ста метраў. Праз раку пракладзена тры масты. Пушкінскі - гэта самы стары і самы загружаны. Рэканструкцыя не толькі дазволіла пашырыць гэтую транспартную артэрыю, але і ператварыла яе ў мясцовую славутасць. Чатыры бронзавыя скульптуры нефармальнага сімвала горада ахоўваюць уезд на гэты мост.

Рэканструкцыя прайшла паскорана - за паўтара года. Так атрымалася скараціць выдаткі і паменшыць нязручнасці для жыхароў Магілёва. Давялося пацярпець: заторы былі ўвесь час, таму што падчас рамонту працавала ўсяго дзве паласы. Затое сёння тут шасціпалосны рух. А гараджане ідуць на мост, каб проста сфатаграфавацца.

Наталля Малюга ўжо трыццаць шэсць гадоў праводзіць экскурсіі па сваім родным Магілёве. Сярод яе турыстаў - амаль увесь глобус. Гід працавала з падарожнікамі, якія прыязджалі і з Кітая, і з Бельгіі, і з суседніх краін.

Гарадская ратуша - адна з галоўных славутасцяў Магілёва. Яе аднавілі ў 2008 годзе. Архітэктары пастараліся максімальна ўзнавіць прыгажосць будынка, які быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Зараз тут музей гісторыі горада. Сімвалічнае месца для таго, каб пагаварыць пра будучыню Магілёва.

Але перш за ўсё Прэзідэнт прапаноўвае абмеркаваць сучаснае і зямное. Праца прадпрыемстваў, экспарт, прыцягненне інвестыцый, выручка і, вядома ж, зарплата. Праца павінна аплачвацца, і тут арыентыр - 500 долараў для ўсёй краіны.

Асобны акцэнт - на працаўладкаванні. У Магілёве з пачатку года створана больш як адна тысяча трыста новых рабочых месцаў. Да канца года закрыюцца яшчэ тры сотні вакансій.

Ствараючы новыя вытворчасці, не варта забываць і пра старыя. Прэзідэнт даручыў актыўна працаваць са стратнымі прадпрыемствамі. Тут варта выкарыстоўваць метады антыкрызіснага кіравання, а не бяздумнага збавення ад праблемных заводаў і фабрык.

Як будзе выглядаць Магілёў праз пяць гадоў? Гутарка пра гэта праходзіла ў гістарычнай зале, з партрэтам губернатара Дамбавецкага, які кіраваў гэтым краем у другой палове XIX стагоддзя. Па даручэнні Прэзідэнта галоўны архітэктар горада падрыхтаваў паўсотні слушных прапаноў для абнаўлення аблічча горада.

У планах - будаўніцтва манументальнай аркі на ўездзе ў горад, вынас з цэнтра прыватнага сектара, забудова нетыпавымі шматпавярхоўкамі, уладкаванне новых паркавых зон і ўзвядзенне сучасных гандлёвых цэнтраў. Пад камерцыйныя праекты ідзе пошук інвестараў. Задача гарадскіх улад - стварыць камфортныя ўмовы для хуткай рэалізацыі задуманага.

Магілёву ўжо сёння ёсць чым здзівіць гасцей. Адметнасцю горада стаў сяміметровы астролаг - дарэчы, адзіны ў свеце помнік астраному. Скульптура - гэта яшчэ і гіганцкі сонечны гадзіннік.

А на балконе гарадской ратушы тры разы на дзень сваім з'яўленнем навакольных радуе механічны трубач Магіслаў. Сюды, на плошчу Славы, зараз ідуць не толькі каб такі цуд тэхнікі паглядзець і паслухаць, але і каб палюбавацца лепшымі ў горадзе краявідамі.

Дарэчы, правобразам для ўжо ўсімі ўпадабаных ільвоў стаў рэдкі драпежнік-альбінос па мянушцы Джон. Ён артыст цырка братоў Запашных, вядомы як выканавец самага доўгага скачку з дрэсіроўшчыкам на спіне.

Скульптуры, дарэчы, роўна ў два разы большыя за сапраўдных цароў звяроў. Для Прэзідэнта сёння правялі экскурсію па гістарычным цэнтры Магілёва. Плошча Славы, якая ў свой час звалася і Гандлёвай, і Губернатарскай, і Савецкай. Адгэтуль можна ўбачыць новую частку горада і палепшаны Пушкінскі мост. На беразе ракі падчас рэканструкцыі магістралі была зроблена сенсацыйная знаходка. Знайшлі падмурак Траецкай царквы XVIII стагоддзя. Паводле версіі гісторыкаў, у закладцы гэтага храма маглі ўдзельнічаць аўстрыйскі імператар Іосіф і расійская імператрыца Кацярына Другая. Гістарычны аб'ект стане важнай часткай будучага парку, які плануецца арганізаваць на беразе Дняпра.

Паралельна з рэканструкцыяй Пушкінскага моста ішло і добраўпарадкаванне набярэжнай. Пабудаваны падземны пешаходны пераход, які хутчэй нагадвае музей гісторыі Магілёва. На сценах - гравюры з відарысамі горада ў розныя стагоддзі і эпохі. У тым ліку і фота старога моста для навочнага параўнання. Прэзідэнт прапаноўвае не спыняцца і ствараць новае аблічча Магілёва.

Людзей сустракаюць па адзенні. А гарады - па знешнім абліччы і стане вуліц. Глянец і добраўпарадкаванне - гэта тое, на што першым звяртае свой погляд інвестар. Таму ад стану гарадскога асяроддзя шмат у чым залежыць і эканамічная прывабнасць нашых населеных пунктаў. Праекты па амаладжэнні Магілёва гатовыя. Іх рэалізацыя, напэўна, паўплывае і на фінансавы стан горада.