З новага года будаўнічая галіна Беларусі будзе развівацца па новых правілах

10 декабря 2013

З новага года будаўнічая галіна Беларусі будзе жыць, працаваць і развівацца па новых зразумелых і празрыстых правілах. Комплексныя рашэнні Прэзідэнта прагучалі сёння на маштабнай рэспубліканскай нарадзе па вырашэнні праблемных пытанняў у будаўнічай галіне і ўдасканаленні працы з кіруючымі кадрамі. У Палацы Незалежнасці сабралася ўся вертыкаль улады. Што сімвалічна: сам палац - прыклад майстэрства беларускіх праекціроўшчыкаў і будаўнікоў, але факты цяганіны, падману дольшчыкаў, карупцыі пры выдзяленні ўчасткаў і здачы непрыдатных для жыцця дамоў псуюць імідж і галіны, і ўсіх галін улады - ад прараба да міністра і суддзі. Карэнныя новаўвядзенні адбудуцца як у адміністрыраванні, так і ў эканамічных механізмах будаўніцтва. Эканоміка: рашэннем Прэзідэнта ўводзіцца тыпавы дагавор будаўніцтва, г. зн. падмануць дольшчыка, хаваючыся за літару дагавора і адвакатаў, не выйдзе.


Новыя правілы закрануць забудоўшчыка. Перш чым прыцягнуць сродкі грамадзян, ён будзе абавязаны ўзвесці мінімум 15% дома (на практыцы гэта падмурак і першы-другі паверх) плюс мець абавязковы рэзерв на ўхіленне магчымага браку. Акрамя таго, і забудоўшчык, і падрадная арганізацыя будуць праходзіць абавязковы аўдыт. Так, з рынку адсеюць ілжэпрадпрымальнікаў, махляроў і неплацежаздольныя канторы. На фактах падману Аляксандр Лукашэнка спыніўся асобна.


Новыя патрабаванні ўводзяцца да дзяржаўных заказчыкаў - упраўленняў капітальнага будаўніцтва і праекціроўшчыкаў. Напрыклад, забараняецца паралельнае праектаванне жылля (гэта прыводзіла да хаосу на будпляцоўцы), і ўводзіцца перадінвестыцыйная стадыя, калі праект, яго кошт, якасць і ўмовы павінны быць дэталёва пралічаныя.


Самае хваравітае пытанне - даўгабуды і падманутыя дольшчыкі. Тут Прэзідэнт катэгарычны: апошні праблемны дом павінен быць уведзены не пазней за лета 2014 года. А з'яўленне новых даўгабудаў аўтаматычна становіцца надзвычайным здарэннем. Толькі органамі фінансавага нагляду за паўгода выкрыта 113 схем, якія падлягаюць крымінальнаму пакаранню. Частка фігурантаў ужо ў турме. Адказнасць будзе больш жорсткай, папярэдзіў Прэзідэнт.


Новыя правілы і для жылля з дзяржпадтрымкай. Па-першае, кошт. Кошт квадратнага метра ў новабудоўлі абыдзецца тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не даражэй за сярэднюю па краіне зарплату з невялікім павышэннем на першым этапе. Па-другое, максімум сацыяльных метраў амаль з 800 тысяч на будучы год пойдзе ў дзяржзаказ, г. зн. спачатку будзе пабудавана за грошы бюджэту, а ўжо потым без цяганіны і завышэння цэнаў прададзена тым, хто мае патрэбу ў жыллі.


Новыя правілы закрануць і выдзяленне зямельных участкаў. Як паказвае практыка, бясплатныя ўчасткі, што ўводзіліся для патаннення будаўніцтва для насельніцтва, прыводзілі да карупцыі і злоўжыванняў на ўзроўні мясцовай улады. Зямля выкарыстоўвалася не па прызначэнні, а забудоўшчык часта пускаў яе ў камерцыйны абарот і выходзіў за межы адведзенага ўчастка. Па патрабаванні Кіраўніка дзяржавы, у 2014 годзе большасць участкаў будзе выдзяляцца на аснове адкрытага і празрыстага аўкцыёну.


Яшчэ раз падкрэслім, што новыя правілы ў будаўніцтве па патрабаванні Прэзідэнта павінны запрацаваць з новага года і зрыў іх выканання недапушчальны не толькі па эканамічных і сацыяльных, але нават па палітычных прычынах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: без моцнай, празрыстай і эфектыўнай будаўнічай галіны немагчыма пабудаваць незалежную дзяржаву, арыентаваную на чалавека.