Раснафта пацвярджае свае абавязацельствы па пастаўках нафты на беларускія НПЗ

11 сентября 2013

Гэтая тэма абмяркоўвалася сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам кампаніі Раснафта Ігарам Сечыным. Як адзначыў беларускі лідар, наша краіна вельмі зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Раснафтай. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кіраўніку расійскай кампаніі за прынцыповую пазіцыю па пытаннях пастаўкі нафты ў Беларусь.


Расійскую нафту ў Беларусь пастаўляюць 8 расійскіх кампаній. Самую вялікую квоту мае Раснафта. У Беларусі нафтагазавы гігант працуе актыўна. І праз кампанію Слаўнафта, якая мае 42% у Мазырскім НПЗ, і праз пастаўкі нафты. Сёння Раснафта - сусветны лідар па здабычы і запасах сярод публічных нафтагазавых кампаній.


І нагадаем, пытанне з пастаўкай нафты ў Беларусь узнікла ў разгар калійнага скандалу, калі расійская кампанія Транснафта заявіла аб скарачэнні паставак. Але прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва Раснафты дапамагла пазбегнуць паглыблення канфлікту.