Ролю беларускай арміі ў цяперашніх умовах абмеркавалі Прэзідэнт і камандны склад Узброеных Сіл

19 февраля 2015

Беларуская армія павінна адэкватна рэагаваць на цяперашнія выклікі і пагрозы. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Міністэрства абароны краіны. Цяперашняя сустрэча не носіць нейкага надзвычайнага характару. З камандным складам Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў кірункі будаўніцтва Узброеных Сіл у сучасных умовах. Прэзідэнт нагадаў, што пры прызначэнні на пасаду міністру абароны была пастаўлена задача - падрыхтаваць бачанне перспектыў стварэння мабільнай адэкватнай арміі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яна вырашана.

Падчас сустрэчы міністр абароны прадэманстраваў кірункі будаўніцтва беларускай арміі на найбліжэйшыя гады. Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі будзе праводзіцца разумная, стрыманая палітыка. Мы павінны ўмець абараніць суверэнітэт Беларусі, але ніколі не будзем увязвацца ў супрацьстаянні, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Падчас наведвання Міністэрства абароны Прэзідэнту ўручылі аўтамат Калашнікава. Падарунак у спецыяльным футарале Кіраўніку дзяржавы паднёс Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка мае намер праінспектаваць узровень фізічнай і баявой падрыхтоўкі беларускіх афіцэраў.