Рэспубліканскі баль выпускнікоў

28 июня 2016

Лепшыя студэнты ВНУ Беларусі сёння сабраліся на адну з самых яркіх і запамінальных падзей у сваім жыцці - Рэспубліканскі баль выпускнікоў. На свята ў Мінск прыехалі больш як 200 чалавек з усіх рэгіёнаў. Гэта выдатнікі, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, лаўрэаты спецфондаў Прэзідэнта. Гэтая падзея, сапраўды, унікальная і маштабная. Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Уручаючы падзякі і віншуючы выпускнікоў, Прэзідэнт адзначыў, што "менавіта моладзі трэба будзе асвойваць новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць, сферу паслуг, выводзіць беларускую культуру і навуку на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце". Пра гістарычную падзею ў жыцці выпускнікоў - Аляксей Адашкін.

Яна - прывыкла перамагаць. За пяць гадоў вучобы ў эканамічным універсітэце Вольга Быкава не раз займала першыя месцы на конкурсах студэнцкіх работ. Нават тытул "Міс БДЭУ" здолела заваяваць. Чырвоны дыплом - таксама сярод яе трафеяў.

Свой дыплом Вольга прысвяціла тэме крэдытнай рызыкі. Калі яна яшчэ толькі паступала ва ўніверсітэт, ужо тады ведала, што працаваць жадае ў сферы вялікіх грошай і рэгуляваць фінансавыя патокі ў маштабах усёй краіны. Двойчы за час вучобы Вольга праходзіла практыку ў Нацбанку, куды ў выніку і атрымала размеркаванне. Адначасова падала дакументы ў магістратуру - у такой сур'ёзнай сферы лішніх ведаў не бывае.

За некалькі гадзін да выхаду на вячэрні баль хваляванне як перад самым складаным іспытам, прызнаецца нам Вольга. Але хочацца хутчэй акунуцца ў свет пышных сукенак і вальсаў з галантнымі кавалерамі.

Усе ВНУ Беларусі, а іх у нашай краіне 52, дэлегавалі на Рэспубліканскі баль сваіх лепшых выпускнікоў. Магілёўскую вобласць, да прыкладу, прадставяць два дзясяткі выдатнікаў. Ужо ў аўтобусе, па шляху ў Мінск, учарашнія студэнты ахвотна дзяліліся сваімі планамі.

Перш чым трапіць на баль, лепшыя выпускнікі гэтага года сабраліся ля стэлы "Мінск - горад-герой". Тут ужо прыбраныя юнакі і дзяўчаты ўсклалі кветкі да манумента. Гэта - як даніна памяці тым пакаленням, якія ахвяравалі сваімі жыццямі, каб сёння ў Беларусі моладзь магла мірна вучыцца і працаваць.

Гэты дзень яны запомняць на ўсё жыццё. Дапамогуць тыя сотні фотаздымкаў, якія ўжо былыя студэнты сёння рабілі па шляху на баль.

Самы галоўны запрашальны на Рэспубліканскі баль выпускнікоў - гэта інтэлект. Сюды сапраўды трапляюць толькі лепшыя з лепшых. Тыя, хто змаглі за пяць гадоў вучобы паказаць свае выдатныя здольнасці ў навуках і мастацтвах. З 80 тысячы маладых спецыялістаў, якія атрымалі сёлета дыпломы, сёння на свяце - 222 юнакі і дзяўчыны. А гэта значыць, што конкурс на галоўны выпускной краіны - 360 чалавек на месца.

Будучыя праграмісты, дактары, ратавальнікі, эканамісты і інжынеры. З кім ні завядзі гутарку - абавязкова трапіш або на пераможца міжнароднай алімпіяды, або на прызёра аўтарытэтнага навуковага конкурсу.

Чырвоная дарожка, святочнае ўбранне, строгія касцюмы. Выпускны для гэтых юнакоў і дзяўчат стаў сапраўдным балем. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты - гонар бацькоў, і надзея дзяржавы. Здаровыя амбіцыі і мэтанакіраванасць дапамаглі ім стаць лепшымі ў вучобе. А значыць, што і ў сваіх прафесіях яны будуць прыкметнымі спецыялістамі. Шматлікія з іх змаглі сумяшчаць вучобу і працу.

Прыбраныя і адухоўленыя, яны тыднямі рыхтаваліся да сённяшняй урачыстасці. Адным з самых хвалюючых момантаў вечара стала з'яўленне ў зале Прэзідэнта Беларусі. Гэты выпускны баль стаў традыцыяй. І сімвалічна, што ён праводзіцца штогод як раз напярэдадні Дня Незалежнасці - галоўнага свята краіны.

У сваім слове на дарогу Прэзідэнт адзначыў, што мала быць прафесіяналам. Важна пры гэтым заставацца спагадным чалавекам, неабыякавым да лёсаў блізкіх і будучыні сваёй краіны. Бо свет зараз актыўна мяняецца, таму нацыя павінна быць як ніколі згуртаванай.

Да пажаданняў шчасця і ажыццяўлення ўсіх планаў Прэзідэнт уручыў самым лепшым з лепшых і лісты падзякі. Такую першую ўзнагароду дзяржаўнага ўзроўню атрымала і будучы працаўнік Нацбанка Вольга Быкава.

Сярод узнагароджаных сёння - і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу. Гэта менавіта тыя людзі, дзякуючы намаганням якіх айчынная школа развіваецца і выпускае ў жыццё па-сапраўднаму высакакласных спецыялістаў. У сваю чаргу ўжо выпускнікі ўручылі Прэзідэнту сімвалічны падарунак ад імя ўсіх удзельнікаў балю.

Беларускія артысты падрыхтавалі для гасцей вечара касцюмаванае шоу. У Год культуры свята прайшло ў незвычайным гістарычным фармаце. На сцэне - прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты мінулых эпох - Сімеон Полацкі, Францыск Скарына, Сафія Слуцкая і Максім Багдановіч. Перад імі - учарашнія студэнты далі клятву вернасці: дзяржаве і тым ведам, якія дапамогуць ім зрабіць нашу краіну яшчэ лепшай.

Для кожнай краіны таленавітая моладзь - гэта адзін з галоўных набыткаў. І Беларусь можа ганарыцца тым, што кожны год прэтэндэнтаў на Рэспубліканскі баль выпускнікоў не становіцца менш. Гэта значыць, што залаты запас нацыі, маладая інтэлектуальная эліта, не вычэрпваецца.