Рэакцыя прэс-службы Прэзідэнта Беларусі на заяву Уладзіміра Зяленскага

8 Ліпеня 2019

Афіцыйнае паведамленне прэс-службы Прэзідэнта Беларусі: У сувязі са шматлікімі пытаннямі, што паступаюць ад прадстаўнікоў СМІ наконт заявы Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, у якой ён прапанаваў арганізаваць у Мінску міжнародную сустрэчу з удзелам лідараў Украіны, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, інфармуем, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вядома, ужо знаёмы з заявай кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Адразу хочам адзначыць: нічога новага ў палітыцы Прэзідэнта Беларусі, у яго стаўленні да канфлікту ва Украіне няма. А таму:

1. Наш Прэзідэнт абсалютна падтрымлівае прапановы Уладзіміра Зяленскага. Гэта пазіцыя нязменная, і заключаецца яна ў тым, што нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл зброі, трэба садзіцца і вырашаць праблемы, якіх назбіралася нямала. 

2. Што датычыцца агучаных прапаноў па ўдзельніках сустрэчы, то ўсе напэўна помняць: Прэзідэнт нашай краіны не раз гаварыў, што "гэту праблему павінны вырашыць мы - тры славянскія народы. Не еўрапейцы, не амерыканцы, а менавіта мы, каб яна не была замарожана па прыкладзе іншых гарачых  пунктаў на постсавецкай прасторы" (пра гэта, у прыватнасці, ішла размова на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў мінулым годзе). Але калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту - у гэтым выпадку Украіна - настойвае і прапануе ўдзел і іншых гульцоў, мы такі фармат падтрымліваем таксама. Тым больш што і пра ўдзел ЗША ў вырашэнні гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно гаварыў - без амерыканцаў вырашыць гэту праблему будзе складана, вельмі ўжо яны паглыблены ў гэтыя працэсы. 

3. Ну і наконт месца правядзення сустрэчы. Тут і зусім двух меркаванняў быць не можа: вайна ля нашага парога, і ў Мінску заўсёды лічылі і лічаць за гонар быць пляцоўкай для мірных ініцыятыў і перагавораў.