Развіццё супрацоўніцтва пры асаблівым даверы: перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна

25 апреля 2019
Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у Кітаі. Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у мерапрыемствах форуму "Пояс і шлях". Сёння прайшлі перамовы беларускага лідара і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Краіны злучае давернае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Такі высокі ўзровень адносін афіцыйны Пекін падтрымлівае толькі з нямногімі дзяржавамі. Кітайскі капітал прысутнічае калі не ва ўсіх, дык у вельмі многіх сферах эканомікі нашай краіны.

Адзін з самых паказальных праектаў дзвюх краін - індустрыяльны парк "Вялікі камень", дзе літаральна ўчора стала на аднаго рэзідэнта больш - зараз іх 44. Гэта высокатэхналагічныя кампаніі Кітая, Беларусі, Расіі, Аўстрыі і Германіі. Летась агульны гандаль Беларусі і Кітая дасягнуў гістарычнага максімуму - амаль чатыры з паловай мільярды долараў. Экспарт беларускіх прадуктаў вырас у 4,5 раза, малочнай прадукцыі - у 9! Аляксандр Лукашэнка запэўніў лідара Кітая, што краіна заўсёды можа разлічваць на падтрымку беларускага боку ў любой сферы. 

Пасля завяршэння сустрэчы ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаныя дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Пасля Сі Цзіньпін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок мяркуе падарыць Беларусі. Бязвыплатнае вылучэнне Кітаем сродкаў на іх будаўніцтва прадугледжана пагадненнем аб тэхніка-эканамічнай дапамозе. Паміж палітыкамі за ўсе гэтыя гады, сапраўды, склаліся вельмі добрыя адносіны. Гэта накладвае асаблівы адбітак на кожную з сустрэч. Пра гэта гавораць і падарункі, якімі на памяць абмяняліся палітыкі. А дакладней, іх глыбінны сімвалізм. 

Беларускі лідар паднёс свайму калегу кнігі кітайскіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову, і яшчэ некалькі зборнікаў беларускіх прыказак і прымавак, якія перакладзеныя на кітайскую. Гэта гаворыць пра блізкасць народаў дзвюх краін, бо надпісы на роднай мове грамадзяне Кітая бачаць адразу пасля прыбыцця ў нашу краіну - у аэрапорце, а значыць, пачуваюцца як дома. Быў і яшчэ адзін традыцыйны прэзент, які Кіраўнік беларускай дзяржавы часта ўручае замежным лідарам, - гэта кошык з нашымі прадуктамі, дарэчы, яны ўжо добра вядомыя ў Кітаі і асабіста Сі Цзіньпіну! Свайго сябра і калегу Аляксандр Лукашэнка частаваў імі, калі прымаў у загараднай рэзідэнцыі. Лідар Кітая падарыў беларускаму лідару фарфоравую вазу і карціну, на якой адлюстраваны вельмі асабісты момант з біяграфіі Сі Цзіньпіна. Гэта невялікая вёсачка, дзе на працягу сямі гадоў давялося жыць будучаму лідару, - свайго роду месца сілы, якое паўплывала на станаўленне яго асобы. За гэты час сфарміраваліся якасці, якія пасля спатрэбіліся ў палітычнай кар'еры.

А пасля ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася сустрэча з намеснікам старшыні КНР Ван Цішанем. Год таму палітык прыязджаў у Беларусь з трохдзённым візітам, высокага госця Аляксандр Лукашэнка сустракаў у загараднай рэзідэнцыі, а так Кіраўнік дзяржавы прымае толькі самых паважаных і блізкіх гасцей. Зрэшты, даўняе сяброўства і даверныя адносіны беларускага лідара з кіраўніцтвам Кітая ў Паднябеснай завуць жалезным братэрствам. І як адзначыў сёння на сустрэчы Ван Цішань, яно не паддаецца карозіі.

У гэтыя дні ў Кітай з'едуцца лідары амаль 40 краін. Гэта выдатная магчымасць правесці двухбаковыя перамовы. Аляксандр Лукашэнка сёння таксама сустрэўся з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мерзіёевым. У верасні мінулага года адбыўся афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ва Узбекістан, па выніках якога падпісана 19 міжнародных дакументаў. А пазней зацвердзілі дарожную карту. Цяперашняя сустрэча палітыкаў у Пекіне - магчымасць зверыць гадзіннікі, абмеркаваць выкананне дамоўленасцяў і новыя перспектыўныя праекты. 

Падчас форуму "Пояс і шлях" Аляксандр Лукашэнка выкажа прапановы беларускага боку для развіцця гэтай глабальнай ініцыятывы, а таксама паглыблення супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю. Чакаецца, што на палях форуму ў беларускага лідара адбудзецца цэлая серыя двухбаковых сустрэч з замежнымі лідарамі.