Пытанні бяспекі і абароны абмеркавалі на пасяджэнні Савета бяспекі

19 декабря 2019
Свежы погляд на абарону і бяспеку зыходзячы з рэалій нашага часу. Менавіта пра гэта сёння ішла размова на пасяджэнні Савета бяспекі. Адобраны новы план абароны Беларусі  і Канцэпцыя будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл да 2030 года. Пакет дакументаў падпісаў Прэзідэнт. Становішча ў рэгіёне і свеце  прымушае быць напагатове. Зрэшты,  беларуская армія - надзейны шчыт. Разглядаючы няпростыя пытанні абароны краіны і будучыні Узброеных сіл, Кіраўнік дзяржавы не забыў нагадаць,  што Беларусь прытрымліваецца выключна міралюбнай палітыкі. А што яшчэ гучала, спытаем у нашага аглядальніка Наталлі Брэвус.

Немагчыма не заўважаць таго, што адбываецца вакол нас. Менавіта з гэтага пачаў Прэзідэнт пасяджэнне Савета бяспекі.  Нават тыя, хто далёкі ад навін і вялікай палітыкі, бачаць, што канфліктны клубок на планеце закручваецца ўсё мацней. ЗША, ЕС, Кітай, Расія - паміж гэтымі цэнтральнымі сіламі можа заіскрыць у любы момант. 


Беларусь захоўвае статус донара стабільнасці ў рэгіёне


Захад "дэманізуе" Расію і па гэтай прычыне пашыраецца прысутнасць натаўскіх войскаў  у суседніх з намі еўрапейскіх краінах.  Свае баявыя магчымасці дэманструе Масква. Г. з. куды ні зірні -  па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц. Дадайце да гэтага байцоў на першы погляд нябачнага інфармацыйнага фронту. Як гэта не ўлічваць? 


Беларуская армія  -  інструмент недапушчэння вайны


Хай моцныя свету паказваюць мускулы, гэта не для нас. Выбар Беларусі -  выключна абарончая стратэгія: ні на каго не нападзём, але заўсёды гатовыя пастаяць за сябе.  Усё для гэтага ёсць. Дарэчы, беларуская  армія прайшла 4 хвалі мадэрнізацыі, каб заўсёды быць у трэндзе і быць здольнай  даць адпор любой агрэсіі. 


Новы план абароны Беларусі


У выпадку  пагрозы ў краіны заўсёды павінен быць надзейны шчыт - эфектыўная сістэма мер папераджальных і ў адказ. Апошні год Генштаб займаўся перапрацоўкай плана абароны Беларусі. Па сутнасці, гэта новы погляд на бяспеку і абарону з улікам выклікаў часу.

Зразумела, што большая частка дакументаў сённяшняга Савета бяспекі  - пад грыфам сакрэтна. Яно і зразумела,  хто ж свеціць сваю бяспеку і ваенную стратэгію. Але што чакае галоўнакамандуючы ад людзей у пагонах? 

Пры ўсёй сакрэтнасці Прэзідэнт скіраваў сілавікоў  быць максімальна транспарэнтнымі для партнёраў-суседзяў. Як гаварыцца, не трымаць камень за пазухай, не палохаць грамадства, а адкрыта распавядаць, як гатовыя дзейнічаць у розных сітуацыях. Дарэчы, і нам, журналістам, даручыў, калі мы дзяжурылі ля зачыненых дзвярэй у чаканні генералаў,  распытаць іх з прыдзіркамі. Што мы і зрабілі. 


Канцэпцыя будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл да 2030


Такім чынам, план абароны дапаможа заўсёды быць напагатове. У звязцы разглядаецца і развіццё арміі ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе: яе склад, наяўнасць сучаснага ўзбраення, асабліва па авіяцыі і супрацьпаветранай абароне.  Усё гэта важна. І калі з колькасцю зразумела,  тут застанецца без змянення - 65 тысяч чалавек у арміі цалкам нармальна. А вось матчастку падцягнуць. Маюць намер зрабіць стаўку на беспілотнікі, радыёэлектронную і радыёлакацыйную разведку, закупку ўдарнай авіяцыі і мадэрнізацыю артылерыі ракетных войскаў. Так, для гэтага патрэбныя грошы. Вядома, такіх беспамерных бюджэтаў, як, напрыклад, у ЗША (Пентагон атрымае больш за 730 мільярдаў долараў), у нас няма. Але выдаткі на абарону будуць павялічваць - зробяць тое, што па сілах дзяржаве і не на шкоду ваеннай бяспецы.


А. Лукашэнка зацвердзіў новы план абароны Беларусі


Пасля грунтоўнага абмеркавання Савет бяспекі адобрыў новы план абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл да 2030 года. Пакет дакументаў падпісаў Прэзідэнт. Ну і рэзюмэ. Яно простае - порах трэба трымаць сухім. І гэта разумеюць не толькі генералы, нават дзеці. Наўрад ці  будуць задзіраць таго, хто, калі што,  можа і ў нос даць.