Развіццё эканомікі залежыць ад эфектыўнасці рашэнняў

22 сентября 2019

Галоўная мэта эканомікі - павышэнне дабрабыту і якасці жыцця беларусаў. І вынік яе працы павінен адчуваць кожны чалавек. На тыдні шырокі спектр эканамічных пытанняў абмеркавалі з Кіраўніком дзяржавы ключавыя распрацоўшчыкі, чыноўнікі і эксперты. Тая самая нарада, на якой гучала і тэма адукацыі. У фокусе ўвагі - пакет прагнозных дакументаў на будучы год. Ад іх будуць залежаць асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця. У прыватнасці, гэта праект бюджэту, дзяржпраграма кіравання фінансамі, а таксама курс грашова-крэдытнай палітыкі ў цэлым.

У размове Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што персанальная адказнасць за экспарт тавараў і паслуг ускладзеная на віцэ-прэм'ераў. Прэзідэнт запатрабаваў ад кожнага па сваёй сферы далажыць, чаму не выконваецца той або іншы паказчык. Па выніках дэталёвага разбору эканамічных пытанняў пакет прагнозных дакументаў, прадстаўлены ўрадам, Прэзідэнт адправіў на дапрацоўку.

Шмат шуму ў эканамічных колах і не толькі на тыдні нарабіў адзін дакумент. Праграма эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Яна яшчэ на стадыі работы, узгодненая толькі на ўзроўні ўрадаў. Але тут спрацавалі ўсёведныя расійскія СМІ. Нават дзіўна, што не тэлеграм-каналы.

Гульня на ўзроўні фармулёвак, вядома, атрымалася. Ацаніце: "Такая ступень інтэграцыі - вышэй, чым у ЕС, фактычна на ўзроўні эканомік гаворка ідзе аб стварэнні з 2022 года канфедэратыўнай дзяржавы". І страшна, і незразумела: якой гэта… адной дзяржавы, ці што?

Давялося нашаму МЗС чарговы раз тлумачыць, што ўсё не так страшна, як малююць на сайтах. Праграма інтэграцыі - строга ў рамках палажэнняў падпісанага 20 гадоў таму Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ніякіх новых палажэнняў не ўпісана, а аматарам пашумець у інфармацыйным полі загадана супакоіцца. Пракаментавала сітуацыю і прэс-сакратар Прэзідэнта. Паводле слоў Наталлі Эйсмант, у інтэграцыйных працэсах Беларусь ідзе на тыя крокі, якія эканамічна мэтазгодныя. А ў аснове любых працэсаў ляжыць тэзіс аб незалежнасці Беларусі і Расіі. Гэта святое. А тэрмін "канфедэрацыя" ў артыкуле "Коммерсанта" прэс-сакратар прапанавала ацэньваць "як журналісцкія штампы".