Размова ў Палацы Незалежнасці пра стварэнне міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску

18 апреля 2019

Беларусь разлічвае стаць міжнародным фінансавым цэнтрам. За прыклад возьмуць вопыт Арабскіх Эміратаў. Магчымасці з'яўлення ў Мінску сваёй структуры сусветнага ўзроўню абмеркавалі сёння ў Палацы Незалежнасці. 

На сустрэчы з кіраўніцтвам Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра Прэзідэнт выказаў удзячнасць за цікавасць да нашай краіны і адзначыў, што дзяржавы могуць працаваць разам у сферы лічбавай эканомікі.

Міжнародны фінансавы цэнтр - гэта свайго роду свабодная эканамічная зона з дзяржінстытутамі, якія дазваляюць функцыянаваць рынкам. Дубайскі цэнтр быў адкрыты ў ААЭ ў 2004 годзе. Сёння ён налічвае больш за 800 розных кампаній свету, якія аказваюць банкаўскія і страхавыя паслугі, кіруюць актывамі і фондамі. Структура ўжо аб'яднала Блізкі Усход, Афрыку і Паўднёвую Азію. Беларускі фінансавы цэнтр закліканы дапамагчы прыцягненню інвестыцыйных капіталаў у нашу рэспубліку і паўплываць на эканоміку ўсяго рэгіёна СНД і Еўропы. Летась Беларусь падпісала мемарандум аб паразуменні з Міжнародным фінансавым цэнтрам у Дубаі. Меркавана, структура можа з'явіцца на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1.

Госці з Дубая адзначылі: яны гатовыя падзяліцца вопытам. І сёння пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам подпісамі замацавалі гэтыя намеры ў мемарандуме. У першую чаргу беларускі фінансавы цэнтр будзе арыентавацца на Усходнюю Еўропу. Пра пэўныя тэрміны стварэння размовы пакуль не ідзе, надалей патрэбныя будуць сур'ёзныя заканадаўчыя змены. Адметнасцю міжнароднай структуры ў Мінску стануць сучасныя фінтэхналогіі, адзначыў кіраўнік Дубайскага цэнтра ў гутарцы з журналістамі.

Эса Казім, кіраўнік Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра: "Апошнім часам мы назіраем некаторыя змяненні, якія адбываюцца ў фінансавай сферы, і не ў апошнюю чаргу праз развіццё тэхналогій. Мы ведаем, што ў Беларусі актыўна развіваюцца лічбавыя тэхналогіі, і лічым, што іх выкарыстанне ў фінансавай сферы магло б прывесці да цікавых вынікаў. Беларусь цалкам здольная зрабіць гэтую ідэю прывабнай. Мы гатовыя працаваць і падтрымліваць гэтую ідэю ў Беларусі". 

Сур'ёзную цікавасць у партнёраў на Блізкім Усходзе выклікае наш Парк высокіх тэхналогій. Раней дэлегацыя фінансавага цэнтра бліжэй азнаёмілася з яго працай і адзначыла, што ПВТ - моцны цэнтр кампетэнцый у самых розных сферах. Дубай зацікаўлены ў нашых ІТ-кампаніях і прапаноўвае ім пачаць супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі.