Пашырэнне гандлёвых адносін, развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Візіт Прэзідэнта Беларусі ў ААЭ

1 ноября 2019
Пачаўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У наступныя дні  кантакты з кіраўніцтвам ААЭ і дзелавымі коламі стануць працягам як шматгадовага сяброўства, так і добрай кааперацыі паміж дзвюма краінамі. Толькі за сем месяцаў гэтага года нагандлявалі на 55 мільёнаў долараў. Рост у параўнанні з мінулым амаль на траціну. Але і гэта, упэўненыя эксперты, часовы паказчык. Мінск прадае Абу-Дабі  трактары і розную сыравіну. У зваротным кірунку ідзе прадукцыя хімічнай прамысловасці. Але ўзаемная цікавасць больш як шырокая: пашырэнне гандлёвых адносін, інвестыцыі. Таксама моцнае ўзаемадзеянне магчыма і па лініі нашых тавараў і паслуг. Эміраты могуць выступіць пасярэднікам для развіцця беларускага экспарту ў іншых краінах Блізкага Усходу. Зараз гэта асабліва актуальна, бо ўжо ў наступным годзе Дубай прыме Сусветную выставу "Экспа-2020". Вялікі нацыянальны павільён падрыхтуе і наша краіна.

Беларусь падтрымлівае кантакты з кіраўніцтвам гэтай дзяржавы на Блізкім Усходзе. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка падчас візіту правёў шэраг афіцыйных сустрэч з прадстаўнікамі Эміратаў. А ў верасні Мінск упершыню прымаў з візітам спадчыннага прынца Абу-Дабі шэйха  Мухамеда бен Заіда аль-Нахаяна. Па выніках сустрэчы пра многае дамовіліся. З боку арабскіх партнёраў, напрыклад, ёсць жаданне інвеставаць у сельскую гаспадарку Беларусі і арганізоўваць закупкі прадукцыі. Эміраты маюць намер пашыраць прысутнасць - у тым ліку інвестыцыйную - у нашай краіне.