Праца прадпрыемстваў Аршанскага раёна - лакмусавая паперка для ўрада

13 августа 2018

Загадзя падрыхтаваныя маршруты на заводах і камбінатах не спатрэбіліся. Прэзідэнт пайшоў туды, дзе яго зусім не чакалі. Самі чыноўнікі следам за Прэзідэнтам зашлі ў кожныя дзверы і на свае вочы ўбачылі сапраўдную працу. А галоўнае - рэальныя ўмовы, у якіх прыходзіцца працаваць людзям. Зваленыя ў кучы старыя станкі, сырыя і цёмныя цэхі з цвіллю на абадраных сценах сёння сталі нагодай для самай сур'ёзнай размовы на Аршанскім інструментальным заводзе. Ацэнку можна даць сцісла і дакладна - даручэнне правалена. Адказным за пераход ад слоў да справы па сутнасці і адказаць няма чым. Рэальныя факты сёння ўбачыла ўся краіна. А прыклады адпавядаюць "эканамічнай азбуцы". Навошта купляць імпартны станок, калі зусім побач (у суседнім раёне) табе зробяць такі ж? Дзіўна, што вытворцы глыбока інтэграваныя і ў галіновую, і ў рэспубліканскую эканоміку ўсё яшчэ робяць такія промахі.

Тое, што ўвесь Аршанскі рэгіён павінен быць паказальным, гаварылі не раз. І Прэзідэнт падмацоўваў задачы шматлікімі канкрэтнымі даручэннямі. "Оршааграпраммаш", "Тэхніка сувязі", мясакансервавы камбінат. У кожным пункце маршруту Кіраўніка дзяржавы свае праблемы і прабелы ў працы адказных асоб. Так, узнімаць вытворчасці - няпросты шлях, на якім няма імгненнай выгады. Але складаныя крокі заўсёды самыя эфектыўныя. Таму і ісці варта не там, дзе прасцей, а там дзе трэба.

Шлях найменшага супраціўлення распазнаць няцяжка. Чаго толькі вартыя распрададзеныя пад склады памяшканні, і гэта замест стварэння новых рабочых месцаў. Больш за тое - гаспадары нават былі не ў курсе, што зараз адбываецца ў іх пад бокам. І вось якраз за першапачаткова зачыненымі дзвярамі (убаку ад прапанаваных цэхаў і калідораў) сёння адкрыліся рэальныя праблемы. І агучылі іх не чыноўнікі, а простыя рабочыя, якія заўсёды востра ўспрымаюць арганізацыйныя промахі сваіх кіраўнікоў, бо ў выніку ўсе рашэнні ўплываюць на якасць іх уласнага жыцця.

Вольга Макей пра вялікую інспекцыю і шчырую размову аб праблемах.

Орша - Барань - Балбасава. Гэтая тройка населеных пунктаў за апошні год на пагалосцы ў беларусаў. Журналісты яе называюць "эталонным трохвугольнікам", а Прэзідэнт - лакмусавай паперкай у працы ўрада. Тут рашыліся на эксперымент, які павінен узняць не проста эканоміку райцэнтра, але і гарадоў-спадарожнікаў. У краіне такіх няпростых рэгіёнаў тры-чатыры, але Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2017-м прапанаваў пачаць менавіта з Оршы. Мінула без малога паўтара года. Што змянілася для мясцовых жыхароў, як працуюць праблемныя прадпрыемствы - усё гэта сёння ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта.

Гэта Аршанскі інструментальны завод. Як зразумела з назвы, выпускаюць інструменты. У першую чаргу для абсталявання машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Але тэхналогіі ўжо даўно пайшлі наперад, а гэтая вытворчасць дагэтуль працуе на рарытэтных станках 70-80-ых. Напрыклад, гэты 1974 года выпуску.

Аляксандр Сіпайла ўспамінае, як 24 гады таму прыйшоў на завод вучнем фрэзероўшчыка. Праца спадабалася. Зараз і ён гатовы навучаць моладзь. Але перш і ў сам завод трэба ўдыхнуць новае жыццё.

Недахоп кваліфікаваных кадраў - яшчэ адно праблемнае пытанне. Заводу патрэбныя фрэзероўшчыкі, шліфоўшчыкі, аператары станкоў з праграмным кіраваннем. Аляксандр Маеўскі адзін з самых маладых работнікаў. Токарам на завод уладкаваўся нядаўна. Гаворыць: да абсталявання давялося доўга прывыкаць. Яго “напарнік” - практычна музейны экспанат: станок старэйшы за токара амаль у два разы.

Апроч адсутнасці новых станкоў (да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся) ў прадпрыемства нямала іншых праблем. Віной усяму - безгаспадарчасць. Прыехаўшы на завод, Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё доўга гутарыць з супрацоўніцамі прадпрыемства, якія і сустракалі яго: як працуецца, якая атмасфера ў калектыве, што змянілася?

Тое, як на прадпрыемстве ставяцца да справы і да свайго калектыву, Прэзідэнту кідаецца ў вочы адразу - размова аб тэрыторыі, якую да візіту рамантавалі прыхапкам. А рабіць гэта трэба ў першую чаргу для сябе і для тых, хто кожны дзень будзе хадзіць на працу па гэтых дарогах.

Спачатку дакладвае губернатар. Размова наконт развіцця рэгіёна. За 7 гадоў колькасць насельніцтва скарацілася на 4 %. Таму думаюць, як затрымаць людзей на сяле. Пасёлкі рэканструююць, ствараюць інфраструктуру, будуюць паліклінікі, басейны. Але Прэзідэнт зважае: важна ствараць вытворчасці, каб былі рабочыя месцы. Як, напрыклад, у Копысі, дзе з'явіліся прадпрыемствы па дрэваапрацоўцы і выпуску сыроў. Важна заняць людзей і бачыць вытворчую базу наперад. Аляксандр Лукашэнка зважае і на лічбы беспрацоўя. У дакладзе Мікалая Шарснёва яны значна ніжэйшыя. Таму і патрабаванне: не замоўчваць праблемы, а вырашаць іх.

Зараз Аршанскі інструментальны на стадыі мадэрнізацыі. Але рухаецца яна вельмі марудна: першы этап плануюць завяршыць да сярэдзіны 2019-га. Не трэба быць спецыялістам, каб зразумець: на такіх станках вырабляць канкурэнтаздольны тавар немагчыма. Зрэшты, гэта пацвярджае і дырэктар прадпрыемства.

Мадэрнізацыю, вядома, пачалі. У першую чаргу паправілі дах, што працякаў шмат гадоў. Абнавілі чатыры станкі. Але для вялікага прадпрыемства (а тут працуюць 450 чалавек) гэта як кропля ў моры. Рэнтабельнасць са знакам мінус. Уніз цягне невыкананне аб'ёмаў вытворчасці. Каб дэталёва разабрацца ў праблемах, Прэзідэнт адразу адмаўляецца ад прапанаванага маршруту, і ўсю тэрыторыю завода, кожны цэх вырашае ўбачыць на свае вочы.

Сёння Беларусь траціць на імпарт інструментаў больш як 32 мільёны долараў. Другі этап мадэрнізацыі завода, які плануюць завяршыць да 2021 года, дазволіць замясціць імпарт на 8 мільёнаў. Але гэта вельмі доўга. У інструментах ужо сёння маюць патрэбу і МТЗ, і Гомсельмаш, на якім Прэзідэнт бываў некалькі дзён таму. Тады дырэктар наракаў: не хапае патрэбнага прыладдзя. Таму паскорыць рэнавацыю інструментальнага - гэта не толькі забяспечыць завод прыбытковымі заказамі, але і абсталяваць машынабудаўнічыя гіганты. Сёння вырашана: станкі інструментальнаму паставіць прадпрыемства "Чырвоны барацьбіт". Тым больш знаходзіцца зусім побач.

Ідзем далей. Прэзідэнт заходзіць у суседні пусты цэх. Дах працякае, лужыны прысыпалі пілавіннем. А тут можна было б размясціць тую самую новую вытворчасць. Дастаткова адрамантаваць дах і прывесці памяшканне ў парадак. І для гэтага зусім не трэба чакаць візіту Прэзідэнта. Бо прадпрыемства працуе добра там, дзе адчуваецца рука гаспадара, ёсць парадак і беражлівае стаўленне да людзей. А тут выснова напрошваецца сама: безгаспадарчасць і павярхоўнае стаўленне да даручэнняў.

У паспяховай працы прадпрыемства галоўнае - людзі. Ад умоў працы, заробку, а значыць і атмасферы ў калектыве залежыць многае. Вось прама ля станка размова з Прэзідэнтам аб зарплаце.

Аблезлыя сцены, адсутнасць святла, дзённае ледзь прабіваецца. І ў такіх умовах працуюць дзясяткі чалавек. Рэакцыя Прэзідэнта жорсткая: гэта людзі, калектыў. Як можна працаваць у такіх умовах?

Такія ж адносіны і да тэхнікі, хай і старой. На сценах цвіль, цэхі напаўпустыя. А гэтыя плошчы можна было б выкарыстаць куды больш эфектыўна.

Тэрыторыя таксама пакідае жадаць лепшага. Частка памяшканняў належыць прыватным прадпрымальнікам, Прэзідэнт даручае - адгарадзіць гэтыя будынкі ад прадпрыемства. Чужым не месца на прахадной завода. Кіраўнік дзяржавы зазірае ва ўсе будынкі, заходзіць на ўчастак вентыляцыі. Пасля зазірне ў рэзервуар з вадой. Словам, безгаспадарчасць на кожным кроку.

Убачаным на прадпрыемстве Прэзідэнт застаўся незадаволены. Нават скажа: праца на двойку з мінусам. А аднавіць гэты завод - значыць павысіць эфектыўнасць яшчэ дзясяткаў, якія маюць недахоп у прыладах. І хоць зрухі і перспектывы ёсць, але без гаспадарскага падыходу і з парушэннем тэрмінаў атрымаць рэнтабельнасць з добрым плюсам тут будзе няпроста.

А гэта ўжо мінус у працы міністра прамысловасці.

Яшчэ адно прадпрыемства сістэмы Мінпрама - ААТ "Оршааграпраммаш". Працуе пад крылом холдынга "Бабруйскаграмаш". З парога размова ў цэлым аб фінансавых паказчыках усяго аб'яднання. Просяць дапамагчы з рэструктурызацыяй даўгоў. Падрыхтаваны праект указа. Але перш Аляксандр Лукашэнка даручае сваёй Адміністрацыі разабрацца і ўнесці прапановы.

Частка холдынга - Аршанскі аграпраммаш - існуе без малога 90 гадоў. Апошнія гады менавіта існуе. Выпускае навясное абсталяванне для сельскай гаспадаркі і прычэпы. Магутнасці загружаныя на 80 %. Ёсць запасы прадукцыі. Адбіваецца сезонная запатрабаванасць такой тэхнікі - іх плугі, напрыклад, патрэбныя пад пачатак ворыва вясной і восенню пасля таго, як сабралі ўраджай. На тым, што ёсць, далёка не паедзеш. Таму сёлета ўзяліся за доследныя ўзоры патрэбнай тэхнікі ў палях.

Як жыць далей - галоўнае пытанне для кіраўніка прадпрыемства. Пакуль новы дырэктар працуе як выконваючы абавязкі, пару дзён як прыйшоў на завод. Сам родам з Оршы. Разумее, што будзе няпроста. На паперы - сімвалічная рэнтабельнасць. Вызначана праграма па мадэрнізацыі - абсталяванне, станкі амаль аднагодкі топ-менеджара. Але і ад кіраўніцтва холдынга залежыць, як будзе загружаны завод. Бо ўся глабальная тэхнічная палітыка вызначаецца менавіта там, у вярхах. Не перашкодзіла б і дакладна вызначыцца з нішамі, куды можна лепш упісацца.

Наведваючы прадпрыемства, па ходзе маршруту гавораць аб неабходнасці дзейнічаць на рынку па магчымасці без пасрэднікаў. У працы - экспартныя кантракты. Сёлета крыху, але дадаюць у пастаўках. Прадаюць плугі, прычэпы, апырсквальнікі ў Расію, Арменію, Таджыкістан, Нігерыю. Рыхтуюць буйную партыю абсталявання на Кубу. Усё гэта нядрэнна, але Кіраўнік дзяржавы вельмі дэталёва глядзіць увесь тэхналагічны ланцужок і гаворыць аб неабходнасці разабрацца, наколькі празрыстыя здзелкі па продажы незапатрабаваных будынкаў на тэрыторыі. Зноў, як і на інструментальным, звяртаюць увагу на продаж дзяржуласнасці. Прадалі прыватніку, які купляе тэхніку гэтага ж прадпрыемства. Будынак трэба аднаўляць, усе гэтыя выдаткі потым адаб’юцца ў кошце прадукцыі. Аддаць на водкуп камусьці - часам гэта здаецца выхад, а на справе атрымліваецца, што такія неабдуманыя рашэнні б'юць бумерангам.

Здавалася б, усё гэта дэталі, але ад іх залежыць глабальны вынік. Але ж з такіх дробязяў і складваецца рэальнасць для завода. Аляксандр Лукашэнка гаворыць аб неабходнасці выбудоўваць логіку вытворчага працэсу. Ды і паслядоўна наводзіць банальны парадак на прадпрыемстве.

Прамысловасць Оршы - гэта тры дзясяткі прадпрыемстваў. Усё за адзін дзень не аб'едзеш, але Прэзідэнт мае намер убачыць па максімуме, таму па ходзе руху вырашыў заехаць туды, дзе зусім не чакалі, каб склалася поўная і рэальная карціна, як ідуць справы ў Оршы. Напрыклад, на мясакансервавым камбінаце. Гэта той самы завод, што выпускае і вядомыя мясныя кансервы для дзяцей. Менавіта цэх дзіцячага харчавання выдзяляецца на тэрыторыі завода - быў пабудаваны 4 гады таму. А вось астатнія не ўражваюць.

Не замыкацца толькі на кансервах і дзіцячым харчаванні, пашыраць асартымент. На гэтым робіць акцэнт Прэзідэнт. Рынкі, бывае, ліхаманіць, так што разнастайная прадукцыя - зарука устойлівай працы ў такія моманты. Вельмі ўважліва Прэзідэнт глядзіць тэрыторыю прадпрыемства, праходзіць тыя цэхі, якія трэба абнавіць.

Яшчэ адзін пункт маршруту Прэзідэнта - Барань. Нараўне з Оршай і Балбасава ўваходзіць у той самы трохвугольнік, які павінен стаць узорным. Гэта прадпрыемства "Тэхніка сувязі". Найстарэйшае ў нашым абаронным сектары. Паўтара стагоддзі таму на гэтым месцы выпускалі цвікі і дрот, у савецкі час узяліся за радыёапаратуру. Сёння спецыялізуецца на вытворчасці сістэм радыёсувязі, тэлекамунікацыях. Сустракаюць супрацоўніцы, здавалася б, сімвалічны, пратакольны момант, але Прэзідэнт не прапускае гэтай магчымасці пагутарыць з тымі, хто штодня працуе на прадпрыемстве. Наталля Ганчарова не бянтэжыцца, гаворыць, што працуе амаль пяць гадоў і не шкадуе, што выбрала такі працоўны шлях.

У штаце "Тэхнікі сувязі" - амаль 500 супрацоўнікаў. Большасць - жыхары Барані. Зараз завод у стадыі мадэрнізацыі. За мінулы год стварылі ўчастак па вытворчасці перасовачных комплексаў сувязі і сродкаў бронеабароны. Напрыклад, тут выпускаюць браняшлемы. Ужо адгрузілі больш за 6 тысяч.

Сярод новага абсталяванне і гэты фрэзерны станок. На ім вырабляюць карпусныя дэталі для ўсёй лінейкі радыёстанцый. Галоўная перавага аўтаматычнага станка - высокая прадукцыйнасць.

Хутка тут пачнуць выпускаць прафесійныя сродкі радыёсувязі. Участак ужо гатовы, мантажныя сталы падключаны. Супрацоўнічаюць з кітайскай аэракасмічнай кампаніяй. Увогуле пачалі варушыцца. Але ёсць і пытанні. І зноў Прэзідэнт крытыкуе мясцовае кіраўніцтва і кіраўніка Дзяржкамваенпрама за павярхоўны падыход - прадаць плошчы, маўляў, не запатрабаваныя, лёгка. А яны маглі б стаць месцам, дзе можна наладзіць патрэбную вытворчасць. Як гаворыцца, ідуць па шляху найменшага супраціўлення. Гістарычна так склалася, што мясцовыя прадпрыемствы будавалі з савецкім размахам. Сёння такія плошчы і заводам не патрэбныя, але іх біч - распрадаюць памяшканні пад склады замест таго, каб ствараць рабочыя месцы. Часам не вельмі і ўнікаючы, што ў выніку будзе пад самым бокам. Хіба гэта справа? І тут з ваенных людзей асаблівы попыт.

Прапанаваны маршрут па заводзе ваенпрама Прэзідэнт змяняе па ходзе. Ніхто не думаў, што Аляксандр Лукашэнка зазірне на тэхналагічны паверх. Бо там адкрываецца непрывабная карціна. Закінутыя кабінеты, смецце, паламаныя крэслы - адным словам, бардак. Але без такой інспекцыі наўрад ці зразумееш, што насамрэч адбываецца на прадпрыемстве.

Чаму так пільна Прэзідэнт унікае ў кожную дробязь, разбіраецца ў дэталях, абмяркоўвае перспектывы заводаў? Усё гэта важна. Бо гэта будучыня не толькі для прадпрыемстваў, але і для ўсяго гарадка пад Оршай. У Барані жыве крыху больш за 11 тысяч чалавек. Нямала моладзі, гэта прыкметна і ў цэнтральным скверы. І, дарэчы, маладыя жыхары і сваю будучыню і будучыню сваіх сем'яў звязваюць менавіта з гэтымі месцамі. Жывецца ўсё больш камфортна - адкрытыя дзіцячыя садкі, школы, прасторны Палац культуры, створаны цэнтр падтрымкі прадпрымальнікаў.

Наогул Орша - гэты толькі пачатак маштабнага эксперыменту ў краіне. Горад павінен стаць маяком і арыенцірам для іншых (напрыклад, Барысава, Маладзечна, Ліды або Бабруйска). Сярэднія населеныя пункты ў перспектыве павінны паказаць высокі ўзровень развіцця. І як ужо гаварыў Прэзідэнт, пытанне не толькі ў тым, як працуюць прадпрыемствы. Задача куды шырэйшая - у правільным размяшчэнні вытворчых сіл і раўнамерным размеркаванні працоўных рэсурсаў па ўсёй Беларусі, а не толькі ў Мінску і абласных цэнтрах. Аграпрамысловымі сталіцамі павінны станавіцца і іншыя гарады. Гэты дзень - толькі вялікі пралог для размовы, якая адбудзецца заўтра. На нарадзе ў Оршы будуць дадзены ацэнкі і працы ўрада, і ўсяго рэгіёна.