Як будуць ацэньваць дзейнасць праваахоўнікаў у будучыні? Даклад міністра ўнутраных спраў Прэзідэнту

5 сентября 2019
Крымінагенная сітуацыя ў Беларусі  пад кантролем, а самыя дзёрзкія злачынствы  атрымліваюць жорсткі  і аператыўны адказ праваахоўнікаў. Пры гэтым сістэма МУС сёння праводзіць комплексную  работу  над памылкамі: выконваюцца даручэнні, якія прагучалі ў рамках рэзананснай нарады з сілавікамі на вышэйшым узроўні два тыдні назад. Аб тым, што атрымалася зрабіць за гэты час, сёння Прэзідэнт спытаў асабіста ў нядаўна прызначанага міністра ўнутраных спраў. Да міністэрскай пазіцыі Юрый Караеў узначальваў унутраныя войскі, прыкметна ўмацаваў у іх дысцыпліну і павысіў эфектыўнасць. І менавіта гэта шмат у чым вызначыла выбар Кіраўніка дзяржавы. 

Размова  ідзе аб разбоі 17 жніўня ў Мінску: апоўдні двое бандытаў уварваліся ў ювелірны магазін, распылілі пярцовы газ, скруцілі прадаўцоў і выкралі каштоўнасці  прыкладна на мільён рублёў. Сілавікам спатрэбілася два  тыдні, каб вылічыць падазроных і затрымаць іх з неабвяргальнымі доказамі. Частку выкрадзеных упрыгожванняў канфіскавалі са схованкі ў доме маці аднаго з фігурантаў справы. Следства працягваецца. Ёсць падставы падазраваць затрыманых яшчэ як мінімум у трох разбойных нападах. 

Зрэшты, такія злачынствы - хутчэй выключэнне з правіл. У дакладзе Прэзідэнту міністр прывёў свежую статыстыку: цяжкіх і асоба цяжкіх саставаў  становіцца менш. Затое амаль у 2 разы з пачатку года павялічыўся лік злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Акрамя таго, у сістэме МУС сёння праходзіць комплекснае аздараўленне - гэта датычыцца дысцыпліны, законнасці, аператыўнага і справядлівага стаўлення  да зваротаў грамадзян. 

Нагадаем, вострая крытыка з фактамі і прыкладамі прагучала ад Прэзідэнта на рэзананснай нарадзе з праваахоўнікамі 20 жніўня. Міліцыі тычыліся  такія пытанні як: нядобрасумленны збор доказаў, праследаванне людзей па карупцыйных артыкулах толькі на падставе даносаў, празмерная жорсткасць пры затрыманні і ігнараванне справядлівых нараканняў грамадзян. Шмат часу на ўхіленне заган Кіраўнік дзяржавы сілавікам не прадаставіў - і гэта навочна прадэманстраваў сённяшні даклад міністра.