Рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кыргызстан завершаны

14 апреля 2017

Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Падчас перамоў беларускі лідар прапанаваў ажыццявіць комплекс першачарговых мер, каб гэты год стаў пераломным у станаўленні ЕАЭС.

Праблемных пытанняў у функцыянаванні саюза нямала. На думку Прэзідэнта Беларусі, замоўчваць іх контрпрадуктыўна. На саміце Беларусь падрыхтавала прапановы па пашырэнні і паглыбленні еўразійскай інтэграцыі. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, за сталом перамоў у дзяржаўнай рэзідэнцыі "Алаарча" сабраліся прэзідэнты Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі і Малдовы. На парадку дня 10 пытанняў. Асаблівую ўвагу надалі эканамічнаму супрацоўніцтву з трэцімі краінамі. Лідары "пяцёркі" разгледзелі пытанне стварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам і заяўку Малдовы на атрыманне статусу назіральніка ў ЕАЭС. Акрамя гэтага кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага саюза абмеркавалі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі сваіх краін на найбліжэйшыя два гады.

І сёння на палях саміту ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковую сустрэчу з малдаўскім калегам Ігарам Дадонам. Лідары пацвердзілі неабходнасць выхаду на больш плённае супрацоўніцтва. Нагадаем, Мінск і Кішынёў разлічваюць нарасціць тавараабарот да паўмільярда долараў.

Нягледзячы на няпростую сітуацыю ў рэгіёне і свеце, лічбы двухбаковага гандлю выклікаюць аптымізм. Аб'ём беларуска-малдаўскага тавараабароту летась склаў 227 мільёнаў долараў. У Малдове дзейнічае некалькі сумесных зборачных вытворчасцяў. На ліпень запланаваны афіцыйны візіт Ігара Дадона ў Беларусь.

Па выніках саміту ў Бішкеку лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі 11 дакументаў. У прыватнасці, зацверджаны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў саюза на два гады. Акрамя таго, прынята афіцыйнае рашэнне аб даванні Малдове статусу краіны - назіральніка ў ЕАЭС.

Сёння ў Бішкеку Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел і ў нефармальным саміце АДКБ. Лідары шасці краін абмеркавалі сітуацыю ў сферы бяспекі, актуальныя выклікі і пагрозы, а таксама шляхі сумеснай барацьбы з імі. Акрамя таго, прэзідэнты выбралі генсакратара АДКБ - прадстаўніка Арменіі Юрыя Хачатурава. Вялікі рэпартаж аб перамовах у Кыргызстане ў 9 вечара ў “Панараме”.