Працоўны дзень Прэзідэнта сёння прайшоў у Віцебскай вобласці

11 июля 2018

У цэнтры ўвагі будучыня Аршанскага авіярамонтнага завода і перспектыва развіцця ўсяго рэгіёна. Наведваючы прамысловую пляцоўку ў Балбасаве, Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне аднавіць эфектыўную працу авіярамонтнага завода. Справа ў тым, што фундатар прадпрыемства ігнаруе свае абавязацельствы па развіцці вытворчасці. І тут Кіраўнік дзяржавы выказаўся катэгарычна: авіярамонтнаму заводу быць! І даручыў на працягу гэтага месяца вырашыць усе пытанні ў дачыненні ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемства. На гэтай пляцоўцы ў Аршанскім рэгіёне павінен з'явіцца і мультымадальны лагістычны цэнтр. Яго стварэнне трэба паскараць, бо гэта перспектыва. Магчымасць развівацца і зарабляць. Што актуальна для мясцовых жыхароў. Змяніцца павінен і пасёлак Балбасава. Але без дапамогі тых, хто жыве на гэтай тэрыторыі, ідэальна добраўпарадкаваць родныя месцы наўрад ці атрымаецца. Падрабязнасці - у рэпартажы Наталлі Брэвус.

Лідзія Яфімаўна расказвае тыповую гісторыю для трохтысячнага пасёлка Балбасава. У свой час жанчына працавала на мясцовым прамысловым гіганце. Менавіта вакол авіярамонтнага завода тут і раней, і сёння круціцца ўсё жыццё. У Беларусі такіх прадпрыемстваў толькі два. І адно з іх як раз пад Оршай. У свой час менавіта трохвугольнік Орша - Барань - Балбасава славіўся моцнымі грамадзянскімі і ваеннымі прадпрыемствамі. Але з часам самалёты прылятаць у пасёлак для папраўкі перасталі, а мадэрнізацыю тут сталі праходзіць толькі верталёты. Аляксандр Беразоўскі на заводзе ўжо 5 гадоў. Мантаж і рамонт прыбораў, радыёэлектроннага начыння - яго канёк.

Тут, на заводзе ў Балбасаве, захавалі галоўнае - школу майстроў, якія могуць рабіць апгрэйд гэтых вертакрылых машын. Вось такі "лятаючы танк" дзякуючы рукам майстра зможа быць у паветры. А вось сітуацыя на заводзе такая, што прыходзіцца спускацца з нябёсаў на зямлю.

У апошні час было так шмат чутак вакол авіярамонтнага завода, што прыезд сюды Кіраўніка дзяржавы быў цалкам чаканы. З парога - пытанне ад Прэзідэнта аб заработнай плаце. Яна да планкі ў тысячу рублёў не дацягвае. І порцыя крытыкі на адрас Мінтранса, які, нягледзячы на прысутнасць фундатара і ўласніка, не павінен быў трымацца ўбаку.

Амаль сем гадоў таму на завод прыйшоў украінскі фундатар - кампанія "Мотар Січ" і ўзяўся не толькі мадэрнізаваць прадпрыемства, але і ўвесь пасёлак Балбасава. Такой была ўмова Прэзідэнта. Усё-такі тут працуе як мінімум палова ўсіх жыхароў. Але з часам фундатар абавязацельствы закінуў, і прадпрыемства пачало рухацца ў пазыковую яму.

Галаўны боль для завода сёння - высокая закрэдытаванасць, дэфіцыт імпартных запчастак і невыкананне фундатарам сваіх абавязацельстваў. Адгэтуль нерытмічная праца па заказах і складанае фінансавае становішча, невысокія зарплаты. Пры гэтым, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сусветны парк машын, якія абслугоўвае Аршанскі завод, прыстойны - так што, пры правільным падыходзе беларускія рамонтнікі здольныя ўтрымаць і нават пашырыць сваю нішу на рынку. Таму Прэзідэнт катэгарычны: да канца месяца вызначыцца з ведамаснай падпарадкаванасцю прадпрыемства.

У Аршанскага авіярамонтнага ўжо ёсць стратэгія паэтапнага выхаду з складанай сітуацыі. Жадаюць пабудаваць і рэканструяваць уласную механічную, тэрмічную і гальванічную вытворчасці плюс уласны цэх гумоватэхнічных вырабаў. Гэта дазволіць не залежаць ад імпарту камплектуючых. Цяжар крэдытаў дапаможа знізіць і партфель кантрактаў. Іх геаграфія - больш як 2 дзясяткі краін на розных кантынентах - усюды, дзе папулярная і выкарыстоўваецца надзейная савецкая тэхніка. У прыватнасці, знакамітыя Мі-24, якія прайшлі глыбокую беларускую мадэрнізацыю.

Вядома, давесці да ладу авіярамонтны завод, арганізаваць яго рытмічную працу - гэта ў першую чаргу. Але сёння Прэзідэнту расказваюць і аб перспектывах развіцця мясцовай лагістычнай пляцоўкі. Менавіта тут перасякаюцца два буйныя транспартныя калідоры - так склалася гістарычна. Таму лагічным стала жаданне атрымаць з гэтага максімум. Прыватнік узяўся за ўзвядзенне мультымадальнага лагістычнага комплексу. Гэта акрамя авіясектара яшчэ прамысловая зона і адразу некалькі важных тэрміналаў: чыгуначны (ён перспектыўны з пункта погляду транзіту кантэйнераў з Кітая ў Еўропу) і аўтамабільны. Дарэчы, аўтамабільны тэрмінал пачалі ўжо ўзводзіць і скончаць да канца года. Праект вядзе кампанія "Брэміна груп". У будучыні тут хочуць няхай не перасягнуць амстэрдамскую, але ўсё-такі стварыць кветкавую біржу з улікам авіямагчымасцяў.

Праект разлічаны да 2023 года. З улікам блізкасці Масквы, Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны лагісты выбралі выдатнае геаграфічнае месцазнаходжанне - атрымліваецца вельмі зручная развязка. А галоўнае - самім праектам запланавана будаўніцтва ў Балбасаве шэрагу аб'ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння. Так што лагістычны цэнтр удыхне жыццё і ў гэты пасёлак, і ў найбліжэйшыя населеныя пункты. Па максімуме хочуць выкарыстаць і ўзлётную паласу авіярамонтнага завода. Пакуль яна не ў лепшым стане - палатно зношанае, патрэбны рамонт. Прымаць тут могуць толькі лёгкія судны. Прэзідэнт падганяе: давайце паскарацца, час такі, што трэба бегчы наперадзе, каб не адстаць.

Мінтранс не збіраецца зацягваць. Уся праектная дакументацыя па рэканструкцыі ўзлётнай паласы будзе падрыхтавана аператыўна. На працягу месяца стане зразумела, колькі будзе каштаваць рамонт узлёткі.

Каб акінуць поглядам поле дзейнасці і ацаніць стан, Прэзідэнт вырашыў праехаць па ўзлётнай на аўтамабілі.

Але ў полі зроку лідара не толькі вось такая складаная эканамічная частка - вядома, важная. Бо будзе праца - будуць жыць людзі. За любой эканомікай трэба бачыць чалавека. Таму паралельна павінна ісці абнаўленне самога Балбасава - ад рамонту дарог і жылля да добраўпарадкавання. Шыкоўнае месца для жыцця - менавіта так і выказаўся Прэзідэнт. Ужо распрацаваны план развіцця і добраўпарадкавання пасёлка па аналогіі з Копыссю. Аляксандр Лукашэнка заклікае падключыцца да навядзення парадку ўсіх жыхароў.

Прэзідэнт мае намер асабіста пераканацца, што ў Балбасаве ўсё атрымалася. Абяцаў пабываць на 7 Лістапада. У жаданні зрабіць пасёлак лепшым і людзі, і ўлада адзіныя.

Буйны і складаны - гэта калі двума словамі сказаць пра Аршанскі рэгіён. Так, сапраўды, хапае праблем, але гэта не прычына апускаць рукі. Прыкладна такія думкі луналі ў паветры, калі было прынята прынцыповае рашэнне - падняць эканоміку Аршанскага рэгіёна і не даць сцерціся з памяці месцу, дзе можна жыць і працаваць.