Рабочыя сустрэчы Прэзідэнта

7 июня 2015

Беларусь актыўна нарошчвае эканамічны патэнцыял і ў кірунку рэгіянальнага супрацоўніцтва. У аўторак Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Пскоўскай вобласці Расіі Андрэем Турчаком. На сустрэчы вызначылі перспектыўныя вектары супрацоўніцтва – гэта будаўніцтва "Беларускага квартала" ў расійскім рэгіёне, перапрацоўка льну і мадэрнізацыя машынабудаўнічых прадпрыемстваў.

Пакуль двухбаковы тавараабарот грунтуецца на адзнацы 160 мільёнаў долараў. У планах - яго сур'ёзна павялічыць. Паглыбіць эканамічныя сувязі дазваляе і геаграфічнае становішча - Беларусь і Пскоўская вобласць - найбліжэйшыя суседзі. Нашы арганізацыі гатовыя ўдзельнічаць і ў праектаванні і будаўніцтве жылых і спартыўных аб'ектаў у гэтым рэгіёне.

Эканамічныя паказчыкі і ў цэлым сітуацыя па краіне стала галоўнай тэмай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прэм'ер-міністрам краіны. Размова ішла аб валютным рынку і цэнах. Як далажыў Андрэй Кобякоў, у Беларусі стабільная сітуацыя на ўнутраным валютным рынку. Аднак, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ад жорсткай палітыкі кантролю крэдытавання пакуль адыходзіць не варта.

Дапамогу атрымаюць толькі акупляльныя праекты. У пачатку года з-за падзення цэн на нафту і змены курса расійскага рубля да долара сітуацыя ў эканоміцы была няпростай. Урад быў вымушаны пайсці на жорсткія меры, якія не маглі не адбіцца на ключавых паказчыках эканомікі, перш за ўсё на ВУП. Але час паказаў - гэта было правільнае рашэнне, якое адаптавала эканоміку да работы ў новых умовах.