Прэзідэнт высока ацаніў вынікі праведзенай рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай бальніцы

10 августа 2018

Развіццё эканомікі, прамысловасці, сацыяльнай сферы. За гэтымі, на першы погляд, сухімі словамі, хаваецца велізарная праца: ад даручэнняў да рэалізацыі, а пасля асабістага кантролю Кіраўніка дзяржавы. І так з кожным праектам, не важна, гаворка пра глабальнае, у маштабах усёй краіны, ці пра невялікую мясцовую ініцыятыву, якая палепшыць жыццё пасёлка або гарадка. Бо, як часта гаворыць Прэзідэнт, за глабальным важна бачыць простага чалавека.

Гэты прынцып і сёння быў у аснове рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць. Яна пачалася на поўдні краіны гэтай раніцай з наведвання абноўленай абласной дзіцячай бальніцы. Аб неабходнасці рэканструкцыі клінікі загаварылі яшчэ ў 2011. Знайшлі месца, зрабілі праект. Але яго кошт не дазваляў адважыцца на старт работ. У чэрвені 2016 у сітуацыю ўмяшаўся Прэзідэнт. Падчас свайго візіту ў Гомель абгаварылі і педантычныя фінансавыя пытанні, і сціснутыя тэрміны рэалізацыі праекта (2 гады). Калі ўсё будзе гатова, Аляксандр Лукашэнка абяцаў прыехаць і паглядзець на вынік. Сёння Кіраўнік дзяржавы асабіста праінспектаваў сучасную бальніцу і пагутарыў з яе маленькімі пацыентамі. Зрэшты, размова выйшла далёка за рамкі тэмы аховы здароўя.  Падрабязнасці - у Веранікі Буты.

Рабочая паездка Прэзідэнта ў рэгіён, як правіла, гэта комплексны погляд на развіццё вобласці. Ад пытанняў эканамічных (прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая бяспека) да пытанняў сацыяльных. Кіраўнік дзяржавы не раз падкрэсліваў: якасць жыцця ў рэгіёнах не павінна саступаць сталіцы. Асабліва, калі гаворка ідзе аб здароўі. Наступны прыпынак Аляксандра Лукашэнкі - у абласной дзіцячай бальніцы.

Сёння гэта сапраўдны медыцынскі гарадок. Новы комплекс аб'яднаў усю педыятрычную службу Гомеля. Тут магчыма дыягностыка захворванняў у дзяцей любога ўзросту. У бальніцы гатовыя прыняць больш за паўтысячы чалавек адначасова.

Два гады таму ў гэта мала хто верыў. Стары корпус бальніцы (а гісторыя медустановы пачалася ў 20-м годзе мінулага стагоддзя) ужо не адпавядаў ні нормам бытавым, ні эстэтычным. Будынак стары, палаты цесныя, банальна не хапала месцаў, аддзяленні туліліся па ўсім горадзе. Тым часам за год па дапамогу звярталіся больш за 20 тысяч дзяцей. Усхваляваныя гамяльчане пішуць адкрыты ліст Прэзідэнту. Кіраўнік дзяржавы рэагуе неадкладна. Наведваючы будпляцоўку дзіцячай бальніцы летам 2016, Аляксандр Лукашэнка даручае: старыя будынкі рэканструяваць, а побач узвесці новыя карпусы для выходжвання нованароджаных. Справіліся за два гады, прычым не спыняючы прыём пацыентаў.

Пасля рэканструкцыі плошча бальніцы павялічылася ўтрая - зараз гэта 35 тысяч сучасных медыцынскіх квадратных метраў. Амаль удвая вырасла колькасць медперсаналу - тут працуе тысяча прафесіяналаў. І літаральна з парога Прэзідэнт звяртае ўвагу і Міністэрства аховы здароўя, і вобласці на пытанне з кадрамі - ці трэба столькі? На аднаго пацыента два, а то і тры спецыялісты. Падыход павінен быць руплівы.

Руплівы падыход павінен не толькі ў кадрах. Праект ацанілі ў 750 мільярдаў, праўда, крыху ўдалося сэканоміць. Але ахова здароўя ў цэлым і, у прыватнасці, гэтая бальніца павінны зарабляць. Напрыклад, на платных паслугах.

Усе аддзяленні бальніцы сёння, нарэшце, у адным месцы. З вынікамі аналізаў або МРТ ужо не трэба імчацца праз увесь горад. Тут размясцілася і кафедра Гомельскага медуніверсітэта - адукацыя неадрыўна ад практыкі. Навучацца, дарэчы, будуць і іншаземцы - больш за 700 чалавек.

Кабінеты магнітна-рэзананснай і камп'ютарнай тамаграфіі. Раней пра гэта тут і не чулі. А таму сёння ў бальніцу можна (і трэба было бы) запрасіць дасведчанага спецыяліста для абмену вопытам. Напрыклад, загадчыка рэнтгенаўскага аддзялення ў лечкамісіі, бо з яе і пачыналіся ў краіне такія даследаванні.

5 аперацыйных выконваюць любыя ўмяшанні, хіба што акрамя кардыяхірургічных - 15-20 аперацый за дзень. Пакуль тут абсталяванне з папярэдніх часоў. Яно нядрэннае, але не самае сучаснае, аб чым два гады таму дамаўляўся Прэзідэнт.

А гэта аддзяленне для самых маленькіх пацыентаў. Тут выходжваюць дзетак з экстрэмальна нізкай масай цела: менш за кілаграм. Гэта самыя цяжкія выпадкі. Малышы паступаюць з усёй вобласці.

Нягледзячы на тое, што ўрачыста адкрылі бальніцу толькі сёння, у палатах ужо ёсць першыя пацыенты. Бо будавалі яе не дзеля справаздачы на паперы, а дзеля здароўя і жыцця дзяцей. У Беларусі для дзяцей робіцца шмат. Дзіцячая смяротнасць на самім нізкім узроўні. Задача дня сённяшняга - якасць жыцця падрастаючага пакалення, знізіць да мінімуму выпадкі інваліднасці.

Дзіцячая абласная бальніца ў Гомелі - гэта агульнанародная будоўля. Бо выдаткі на яе ўзвядзенне пакрыў не толькі бюджэт, бізнесмены або мецэнаты. Частку сродкаў сабралі на леташнім суботніку, дзе працавалі ўсе разам. Працавалі нездарма. Як мінімум 20 тысяч пацыентаў з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны кожны год (а менавіта столькі ў сярэднім да рэканструкцыі прымала гэтая бальніца), будуць удзячныя за сваё здароўе.

Гаворачы пра якасць жыцця на Гомельшчыне, не прайшлі міма і іншых важных тэм, якія напрамую на гэтую якасць уплываюць. Гэта вытворчасць, што значыць рабочыя месцы, зарплаты, дабрабыт рэгіёна. Асаблівая ўвага цэлюлозна-кардоннаму камбінату ў Светлагорску і фабрыцы ў Добрушы. Адзін так і не пачаў працаваць у поўную сілу, другі і зусім яшчэ не запушчаны.

І калі ў выпадку з заводамі падвёў шмат у чым інвестар, у гаспадарках на ўсходзе і паўночным усходзе Гомельшчыны падвялі самі кіраўнікі. Так, месцамі рэгіён складаны. Але ў кожным з іх ёсць паспяховыя прыклады. Значыць, праблема ў людзях.

Тэма граматнага кіравання прайшла чырвонай ніткай праз усю рабочую паездку Прэзідэнта. Без гэтага не будзе ні добрай аховы здароўя, ні рэнтабельнай вытворчасці, ні годнага ўзроўню жыцця грамадзян. І не толькі на Гомельшчыне. Граматнае кіраванне павінна стаць залатым правілам для кожнага.