Рабочая паездка Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці

8 июля 2013

Беларусь павінна вырабляць увесь комплекс корманарыхтоўчай тэхнікі. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. У гаспадарцы Александрыйскае Шклоўскага раёна Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сучаснымі тэхналогіямі па нарыхтоўцы кармоў. Новыя падыходы дазваляюць палепшыць іх пажыўны складальнік і як вынік павялічыць прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Усяго ў Беларусі плануецца нарыхтаваць больш за 7 млн тон кармавых адзінак. Тэхналагічных працэсаў аграрыі прапаноўваюць некалькі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, выпрацаваць аптымальны варыянт трэба на працягу гэтага года. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна надаць якасці нарыхтоўкі. Таксама Кіраўніку дзяржавы далажылі, як выконваецца даручэнне па вытворчасці імпартазамяшчальнага абсталявання. Што датычыцца тэхнікі, тут галоўныя крытэрыі - надзейнасць, рацыянальнасць і эканамічнасць.


Сёння ж Прэзідэнту паказалі корманарыхтоўчую тэхніку ў справе. На поле адначасова выйшлі як новыя распрацоўкі айчынных прадпрыемстваў, так і замежныя аналагі. Параўнальны аналіз паказаў, што прадукцыйнасць беларускіх машын у некаторых выпадках ніжэйшая за еўрапейскія паказчыкі, затое надзейнасць не саступае вядомым брэндам. А вось цэнавы фактар на баку айчынных машынабудаўнікоў, прадукцыя якіх амаль у 4 разы таннейшая за імпартныя. Некаторыя ўзоры тэхнікі пакуль толькі завяршаюць праходжанне доследных выпрабаванняў і ў хуткім часе паступяць у гаспадаркі, прычым не толькі Беларусі. На асобныя мадэлі ў прадпрыемстваў ужо ёсць заяўкі з іншых краін.


Пасля Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў суседні са Шклоўскім Круглянскі раён Магілёўскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы наведаў малочна-таварную ферму АСБ - Агра Цяцерына, дзе абмяркоўваўся стан спраў у малочнай галіне, у тым ліку выкананне праграмы рэканструкцыі малочна-таварных фермаў. Закрануў Кіраўнік дзяржавы і тэму інфраструктуры аграгарадкоў. На думку Прэзідэнта, яна павінна адпавядаць самым высокім стандартам. Плануецца, што заўтра рабочая паездка Кіраўніка дзяржавы па Магілёўскай вобласці прадоўжыцца. Больш падрабязна пра першы дзень глядзіце на інфармацыйным канале Панарама.