Пуцін запрасіў Лукашэнку ацаніць алімпійскія аб'екты і згуляць у хакей

4 января 2014

Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна прыляцеў у Сочы. Улічваючы шматгадовае захапленне беларускага лідара хакеем, а таксама вопыт нашай краіны ў падрыхтоўцы да чэмпіянату свету 14-га года, Прэзідэнт Расіі запрасіў Аляксандра Лукашэнку агледзець галоўную алімпійскую хакейную арэну - лядовы палац Вялікі. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у таварыскім матчы. Перад гэтым Аляксандр Лукашэнка ў раздзявалцы пагутарыў з легендамі сусветнага хакея, якія прымаюць удзел у сяброўскім спаборніцтве. Затым Прэзідэнт выйшаў на лёд у складзе каманды, у якой таксама гуляў Уладзімір Пуцін. Аляксандр Лукашэнка выступаў пад сваім нумарам 1, а расійскі лідар - пад нумарам 11. Капітанам іх каманды быў Вячаслаў Фяцісаў. Разам з кіраўнікамі дзяржаў у камандзе гулялі такія зоркі хакея, як Валерый Каменскі, Павел Бурэ, Аляксандр Кажэўнікаў, а таксама шэраг іншых вядомых хакеістаў. У камандзе прэзідэнтаў на лёд выходзілі таксама міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і гульцы каманды Прэзідэнта Беларусі Андрэй Асташэвіч і Міхаіл Захараў. У каманду сапернікаў увайшлі Аляксей Жамноў, Аляксандр Магільны, браты Голікавы, Аляксандр Якушаў, Сяргей Макараў і іншыя легенды сусветнага хакея. З самага пачатку матча каманда, у якой гулялі прэзідэнты, вяла ў ліку і не саступіла гэтай перавагі да заканчэння гульні. Таварыскі матч завяршыўся з лікам 12:3 на карысць лядовай дружыны, у складзе якой выступалі кіраўнікі дзвюх дзяржаў. Па завяршэнні матча Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прадоўжылі зносіны ў нефармальным становішчы.