Процідзеянне карупцыі. Размова Кіраўніка дзяржавы са старшынёй Следчага камітэта

21 февраля 2019

Сёння Прэзідэнт прыняў з дакладам кіраўніка Следчага камітэта Івана Наскевіча. Прэзідэнт уважліва сочыць за працай самага маладога ведамства краіны.

 

Яно было створана ў выніку сур'ёзнай рэформы праваахоўных структур. Ужо больш як 7 гадоў Следчы камітэт працуе стабільна. Прымаючы рашэнне аб яго фарміраванні, зыходзілі з таго, што следства павінна быць незалежным і максімальна эфектыўным. На сустрэчы Прэзідэнт зрабіў важны акцэнт - пры раскрыцці злачынстваў недапушчальна, каб пакутавалі невінаватыя людзі. Летась камітэт засяродзіў усе свае намаганні ў першую чаргу на аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў. Самыя рэзанансныя з іх Кіраўнік дзяржавы трымае на асабістым кантролі.

Іван Наскевіч далажыў Прэзідэнту, як прасоўваецца праца па некаторых гучных крымінальных справах. Так, ёсць зрухі ў расследаванні забойства бізнесмена пад Беразіно, якое адбылося ў верасні 2017 года. Таксама кіраўнік Следчага камітэта распавёў аб расследаванні падвойнага забойства ў школе ў Стоўбцах.

Іван Наскевіч, старшыня Следчага камітэта Беларусі: "Па гэтай крымінальнай справе праведзены ўжо вялікі аб'ём следчых дзеянняў. Практычна карціна здарэння нам зразумелая. Для следчых у сапраўдны момант галоўная задача - высветліць не як гэта адбылося, гэта ўжо і так зразумела, а чаму гэта адбылося. У пэўнай ступені некаторыя адказы ў нас ужо маюцца з паказанняў самога падазронага. Пасля трох дзён маўчання ён пачаў даваць паказанні. Хоць мы пакуль вельмі крытычна ставімся да таго, што ён гаворыць, паколькі сведчанні яго не заўсёды суадносяцца з аб'ектыўнай карцінай здарэння".

За час існавання ведамству ўдалося стаць магутным фільтрам, дзякуючы якому да крымінальнай адказнасці не прыцягваюцца невінаватыя. Летась колькасць заяў, якія паступілі ў следчыя органы, узрасла больш як на 10 працэнтаў. Пры гэтым колькасць узбуджаных крымінальных спраў скарацілася. Гэта вынік працы па недапушчэнні фактаў неабгрунтаванага крымінальнага праследавання.