Праграму адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі будуць развіваць

28 августа 2017

Праграму адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі ў нашай краіне прапанаваў распрацаваць Прэзідэнт Беларусі.

Пра гэта Кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры. Такую ініцыятыву сірыйскі бок толькі вітае, паколькі ўжо змог адчуць, што значыць беларуская гасціннасць. Удзельнікамі сустрэчы ў Палацы Незалежнасці, што рэдкасць для афіцыйнага пратакола, былі і дзеці, якія ўжо 2 тыдні правялі ў нашай краіне. Іх прысутнасць разрадзіла сур'ёзную атмасферу перамоў. У жніўні на аздараўленне да нас прыляцела 80 дзяцей з Сірыі па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі.

Рыма аль-Кадэры, Міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыі: "Вы апярэдзілі нашу просьбу. Вы практычна ўвасобілі зараз мары дзяцей. Мы вельмі любім вас у Сірыі. Усе дзеці задаволеныя знаходжаннем тут. І ўсе мараць вярнуцца ў гэтую цудоўную краіну і знайсці тут яшчэ і яшчэ сяброў. Я асабіста буду курыраваць складанне праграмы. Бачу, што ў Беларусі вялікая ўвага надаецца сацыяльнай сферы. Сірыя гатовая пераймаць станоўчы беларускі вопыт, у тым ліку па арганізацыі дзіцячага адпачынку. Думаю, і аздараўленне, і адпачынак, і вучоба нашых дзяцей тут будзе ўсё больш і больш спрыяць збліжэнню нашых народаў. У нас прыярытэтныя адносіны з дружалюбнай Беларуссю. У нас ёсць магчымасці развіваць двухбаковае супрацоўніцтва, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы".

Некаторыя сірыйскія дзеці правялі канікулы ў "Зубронку", іншыя ў аздараўленчым лагеры "Крынічка" ў Мінскай вобласці. Гэта былі незабыўныя дні. Але лета падыходзіць да канца, змена ў дзіцячых лагерах завяршаецца.

Кіраўнік дзяржавы падарыў дзецям падарункі і пацікавіўся, ці спадабалася ім гасцяваць у Беларусі.

"Хтосьці з вас сказаў, што не хоча з Беларусі з'язджаць і марыць, каб пайшоў моцны снег, і самалёт не ўзляцеў. Нам снег зараз не патрэбен, але вы можаце заставацца ў Беларусі. Мы вас чакаем у любы час разам з вашымі сябрамі. Вы ім перадайце, што ў Беларусі іх заўсёды з вялікай любоўю будуць прымаць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра ведае Прэзідэнта Сірыі Башара Асада, і папрасіў перадаць яму прывітанне. Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся здароўем сірыйскай дзяўчынкі, якой беларускія хірургі выдалілі пухліну. Сірыйскі міністр распавяла, што дзіця адчувае сябе добра. Прэзідэнт запэўніў, што дзяўчынка застанецца ў Беларусі столькі часу, колькі спатрэбіцца для яе рэабілітацыі.