Праект "Ключ да поспеху" прысвечаны сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з творчай моладдзю

24 марта 2018

Сёння "Панарама" выходзіць у незвычайным фармаце. Мы працуем у прамым эфіры паўгадзіны і адразу пасля падвядзення інфармацыйных вынікаў дня прапануем вашай увазе праект пад назвай "Ключ да поспеху".

Ён прысвечаны сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з творчай моладдзю, якая адбылася ў аўторак. Чатыры гадзіны зносін у пытаннях і адказах, можна сказаць, далі зрэз праблем і тым, якія зараз хвалююць падрастаючае пакаленне. Агенцтва тэленавін прапануе поўную карціну па ўсіх пунктах. Дзясяткі камандзіровак і запісаных інтэрв'ю: нашы рэпарцёры пабывалі ў самых розных кутках краіны, каб даць аб'ектыўную ацэнку прама з месца падзей.

Да прыкладу, мы даведаліся, ці ёсць шанец адрадзіць легендарную Барысаўскую фабрыку музычных інструментаў. Пагутарылі з кіраўніцтвам, пры якім беларускі райцэнтр утрымліваў 5 % сусветнага рынку піяніна. А таксама пагаварылі з былымі працаўнікамі, для якіх гарадскі раён "піянінка" і сёння - не пусты гук. У Гродзенскім каледжы наша здымачная група высвятляла, хто павінен быць старэйшы – інструмент альбо выканавец? У гэтым расследаванні мы не маглі не надаць увагі і самаму дарагому музычнаму інструменту краіны. Хто іграе на скрыпцы Гварнеры коштам чвэрць мільёна долараў?

Дарэчы, цана, супастаўная з марнаваннямі на імпартныя машыны па заліванні лёду. Спорт і ўсё, што з ім звязана, вядома, таксама ў цэнтры ўвагі моладзі. З пазіцыі карыстальнікаў лыжных трас, схілаў, хакейных пляцовак і стадыёнаў - свае пытанні.

Менш чым праз паўгадзіны мы даведаемся ўсе падрабязнасці гэтай шматгадзіннай шчырай размовы. Бо самыя яркія эмоцыі і шчырыя адказы Прэзідэнта складана было змясціць у рамкі аднаго сюжэту. Размову пра мастацтва і не толькі - у эфіры "Беларусь 1" мы раскладзём, як па нотах. Вялікі праект Агенцтва тэленавін "Ключ да поспеху". Сёння ў 21:30 адразу пасля "Панарамы".