Праект аграхолдынга "Купалаўскае" павінен стаць новым этапам у развіцці сельгасвытворчасці

22 июня 2018

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

У цэнтры ўвагі - выкананне задач па стварэнні эфектыўнага інтэграванага сельгасаб’яднання з поўным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі на базе гаспадарак Шклоўскага раёна. Даручэнне стварыць аграхолдынг Прэзідэнт даў яшчэ ў лістападзе 2016. Холдынг "Купалаўскае" зарэгістравалі год таму. У яго склад увайшлі тры арганізацыі. Сёння Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з працэсам рэканструкцыі аднаго з найбуйнейшых у рэгіёне комплексаў адкорму буйной рагатай жывёлы. Ён быў пабудаваны роўна 40 гадоў таму і разлічаны на тры тысячы месцаў. Надышоў час зрабіць новы тэхналагічны крок да высокіх стандартаў якасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што цяперашнія ўмовы дыктуюць новыя правілы працы ў аграрнай сферы.

Распрацоўваюцца і іншыя шляхі развіцця маладога холдынга "Купалаўскае". Да прыкладу, вырашаюцца пытанні рацыянальнага выкарыстання завода па вытворчасці кармоў і рэканструкцыі буйной фермы. Праект ацэньваюць на чатыры з паловай мільёны рублёў. Прэзідэнт паставіў задачу да канца года вызначыцца з канчатковай структурай холдынга "Купалаўскае".