Беларусь гатовая дадаткова дапамагчы Амурскай вобласці ў аднаўленні пасля паводкі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёну Алегам Кажамякам.
Галоўнай тэмай перамоў стала ў тым ліку і эканамічнае супрацоўніцтва. Па выніках 2012 аб'ёмы ўзаемнага гандлю склалі каля 60 мільёнаў долараў - гэта на 50% больш, чым у 2011. Летась на дынаміцы адбіліся наступствы маштабнай паводкі ў Прыамур'і. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць не толькі пытанні стратэгічнага супрацоўніцтва, але і ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Амурскай вобласцю, у тым ліку тактычнага характару.
Губернатар Амурскай вобласці падзякаваў беларускаму боку за дапамогу ў цяжкі час. Ён адзначыў, што менавіта дзякуючы аператыўным пастаўкам з Беларусі корманарыхтоўчай тэхнікі рэгіёну атрымалася нарыхтаваць усе неабходныя кармы. Беларусь таксама гатовая будаваць пад ключ новыя пасёлкі. Ёсць прапанова па пастаўках у Амурскую вобласць прадукцыі беларускага машынабудавання.
Новы кірунак у партнёрстве Беларусі і Прыамур'я - лес. У Амурскай вобласці таксама запатрабаванае наша малако. Беларусь можа і пастаўляць прадукцыю, і будаваць малочнатаварныя комплексы і заводы. Губернатар Амурскай вобласці прапанаваў беларускаму боку прыняць удзел у будаўніцтве касмадрома.
Расійскія госці застануцца ў Беларусі да чацвярга. У праграме наведванне шэрагу прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Сёння пройдуць перамовы ва ўрадзе.














