Працягваецца рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў ААЭ

29 октября 2017

Канвертаваць асабістыя сяброўскія адносіны ў развіццё эканомікі і больш важкія палітычныя сувязі. У гэтыя дні Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах з рабочым візітам. І хай вас не ашукаюць выхадныя на беларускія меркі, на якія прыпаў рабочы графік Аляксандра Лукашэнкі. Справа ў тым, што ў эміратах працоўны тыдзень пачынаецца з суботы. А таму ўікэнд на еўрапейскія меркі - гэта ключавыя дні для перамоў і дамоў на меркі арабскія. Накшталт нашых панядзелка і аўторка.

Зрэшты, гэтая каляндарная непадобнасць, мабыць, тое нямногае, што адрознівае нас ад арабскіх партнёраў. У астатнім інтарэсы супадаюць. Напрыклад, Мінск, роўна як Абу-Дабі і Дубаі, - прызнаныя інвестыцыйныя гавані для прагматычнага капіталу. Прыбытковыя, стабільныя і спакойныя. Адгэтуль - першае крэдытнае пагадненне, падпісанае ў рамках візіту. Фонд развіцця прадпрымальніцтва імя Халіфы падасць беларускаму Банку развіцця каля 25 млн долараў. Рэсурсы пойдуць на развіццё прыватнай ініцыятывы, інавацыі, рэгіянальныя праекты і стварэнне новых рабочых месцаў.

Як адзначаюць эксперты, арабскія фінансісты цвяроза ацэньваюць патэнцыял нашай рэспублікі ў Еўразійскай эканамічнай прасторы і ўмеюць інвеставаць з выгадай для сябе і партнёраў.

Для Беларусі замацаванне ў рэгіёне Персідскага заліва за кошт доўгіх грошай і доўгатэрміновых праектаў - гэта ўклад у будучыню, у шырокі доступ да праектаў мадэрнізацыі. А тут і геолагаразведка, і космас, і высокадакладнае прыборабудаванне, уся IT-індустрыя, і традыцыйныя пастаўкі халяльнага харчавання на вельмі ёмісты і нават прэміяльны рынак заліва. Дарэчы, у харчаванні наш экспарт за паўгода ў 10 разоў вышэйшы за ўсе леташнія пастаўкі. Г.зн. тэмп каласальны. І гэта яшчэ не адкрылі такія ёмістыя пазіцыі, як малако і масла.

Вядома, што Арабскія Эміраты пераважна працуюць толькі з тымі партнёрамі, каму давяраюць, і тымі, хто правераны шматгадовай гісторыяй паспяховых праектаў. Беларусь - якраз у ліку такіх партнёраў.

Вось лічбы для пацверджання. Толькі за першыя 8 месяцаў года беларускі экспарт павялічыўся ў тры з лішнім разы і ўшчыльную падабраўся да адзнакі на 45 мільёнаў долараў. На фоне нашых паставак да суседзяў параўнальна мала, але сума важная тым, што з яе плюс-мінус выходзім на новы ўзровень дзелавога партнёрства. Мы ўжо не радавая для эміратаў краіна з радавым інвест- і тавараабменам. Зноў жа для пацверджання - толькі за першае паўгоддзе прамыя капітальныя ўклады з ААЭ перавысілі 11 мільёнаў долараў.

З вялікіх перспектыў - узаемны ўдзел бізнесу ў праектах новых зялёных тэхналогій у энергетыцы, турызм і нерухомасць не адзінкавымі дамовамі, а праз комплексны кластарны падыход. Напрыклад, з канца 2016 года менавіта арабскія інвестары забудоўваюць пляцоўку былога БелЭкспа, што побач з Оперным тэатрам. Абяцаюць па-ўсходняму вытанчанае архітэктурнае мастацтва.

Што датычыцца мастацтваў класічных, то і тут адносіны на ўздыме. Нагадаем, што перад рабочым візітам у Беларусі сімвалічна прайшлі дні культуры Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Беларусы ацанілі вытанчанасць арабскай каліграфіі, раскошу нацыянальных строяў і ювелірнай справы, знакамітыя спецыі з раёна і ўнікальную мелодыку арабскай народнай музыкі.

Рабочы візіт Прэзідэнта ў ААЭ працягваецца. Сачыце за выпускамі навін на нашым канале.