Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан

16 мая 2018

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са сваім калегам Эмамалі Рахмонам.

Як адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, Мінск рады поспехам Душанбэ і гатовы развіваць супрацоўніцтва. Бакі дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Гэта стане добрай асновай для ўмацавання кантактаў па ўсіх кірунках - ад эканомікі да культуры.

Быў падпісаны пакет з паўтара дзясятка дакументаў. Гэта пагадненні ў сферах навукі, судовай экспертызы, прамысловасці, медыцыны, адукацыі. Вызначыліся і з дарожнай картай да 2020 года. Тое, што супрацоўніцтва ў эканоміцы - прыярытэт - лідары пацвердзілі ў сумеснай заяве.

Серыю дакументаў падпісалі і на бізнес-форуме ў Душанбэ, які не абмежаваўся ўдзельнікамі толькі з дзвюх краін. Інтарэс праявілі дзелавыя колы Афганістана, Пакістана, Узбекістана і Казахстана. Была прадстаўлена і маштабная Нацыянальная выстава Беларусі. На адкрыцці экспазіцыі лідары Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон азнаёміліся з прадукцыяй нашых кампаній - ад прадуктаў харчавання да складанай электронікі і тэхнікі.

Сёння зносіны прэзідэнтаў прадоўжацца. Лідары Беларусі і Таджыкістана плануюць наведаць прамысловую пляцоўку ў Гісары.