Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан

5 октября 2016

Сёння чакаюцца сустрэчы беларускага лідара з прэм'ер-міністрам, прэзідэнтам, а таксама спікерамі парламента гэтай паўднёваазіяцкай краіны. Запланаваны ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў адкрыцці бізнес-форуму. У Ісламабадзе ўжо два дні актыўна працуе беларуская дэлегацыя. Адна з ключавых дамоўленасцяў - урад Пакістана мае намер субсідзіраваць аграрыяў для закупкі беларускай тэхнікі. Таксама бакі падпісалі дамову аб адкрыцці ў Ісламабадзе сумеснага цэнтра па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Падрабязней - Наталля Брэвус.

Штогод сустракацца - мабыць, такога прынцыпу вырашыла прытрымлівацца кіраўніцтва дзвюх дзяржаў, калі ў маі мінулага года афіцыйны Мінск і Ісламабад знялі адносіны з паўзы. Прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў пакістанскую сталіцу і падпісаная тады дэкларацыя аб беларуска-пакістанскім партнёрстве адзначылі новы этап у адносінах дзвюх дзяржаў.

Толькі праз 20 гадоў пасля таго, як былі ўстаноўленыя дыпадносіны, у Ісламабадзе адкрылася беларускае пасольства. І пачынаючы з 2014, кантакты ажывіліся. Стала зразумела: трэба прасоўваць супрацоўніцтва Беларусі і такой вялікай краіны ў Паўднёвай Азіі. Галоўнае - палітычная воля.

Учора беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў аэрапорце Ісламабада. Па-сяброўску Прэзідэнта Лукашэнку сустракаў асабіста прэм'ер Наваз Шарыф. Паводле канонаў дыппратаколу, гэта можна расцэньваць як знак асаблівай прыхільнасці і павагі.

Тавараабарот летась паміж краінамі наблізіўся да 60 мільёнаў долараў. Бывала і ўдвая больш. Пакістан - перспектыўны партнёр для Беларусі ў Паўднёвай Азіі. Гэта, як гавораць эканамісты, ёмісты рынак на амаль 200 мільёнаў чалавек. Для беларускіх машынабудаўнікоў гэтая дзяржава з'яўляецца адным з ключавых рынкаў збыту трактароў па-за краінамі СНД.

Акрамя гэтага, мы пастаўляем у Пакістан калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя ніткі, шыны, газетную паперу і дзіцячае харчаванне. Яны нам завозяць рыс, харчовыя прадукты, вырабы са скуры, тканіну і спартінвентар. Дадаць разлічваюць і пасля перамоў на вышэйшым узроўні, а таксама бізнес-форуму.

Наогул, гэтая восень праходзіць для нашай краіны пад знакам Азіі - на мінулым тыдні адбыўся дыялог Мінска і Пекіна. Паслядоўна Беларусь развівае супрацоўніцтва з найбуйнейшымі краінамі гэтага рэгіёна і свету.

Гэты дзень у Ісламабадзе пройдзе пад знакам беларуска-пакістанскага дыялогу. Аляксандр Лукашэнка правядзе насычаныя перамовы. Запланаваныя сустрэчы з прэм'ер-міністрам, прэзідэнтам, таксама спікерамі парламента Пакістана. Вялікае значэнне надаюць бакі прасоўванню агульнай эканомікі. Таму чакаецца ўдзел лідараў Беларусі і Пакістана ў бізнес-форуме.