Трывалы падмурак адносінаў Беларусі і Грузіі

24 апреля 2015

Трохдзённы візіт Аляксандра Лукашэнкі сёння прадоўжыўся ў Аджарыі. Гэта адзін з найбольш развітых рэгіёнаў і асноўны турыстычны цэнтр краіны. Мясцовыя гавораць:  не былі ў Батумі, значыць, не былі ў самой Грузіі. Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з кіраўніком аўтаномнай рэспублікі пачалася з аповеду пра горад, а потым перайшла да афіцыйных перамоў. Пра што дамовіліся палітыкі і што звязвае батумцаў з беларусамі, ведае Вольга Макей.

 

Турысты часоў савецкай Грузіі сёння  наўрад ці пазнаюць Батумі. Футурыстычныя будынкі і шматпавярхоўкі дадалі глянцу. У галоўны курорт краіны прыморскі горад вырашылі ператварыць пасля "рэвалюцыі руж". І атрымалася. Сёння сонца, мора і славутасці прыносяць краіне 7 працэнтаў ВУП. За апошнія 5 гадоў колькасць беларускіх турыстаў у Грузіі павялічылася ў чатыры разы - за мінулы год амаль 20 тысяч чалавек. У любым пункце краіны абавязкова спытаюцца, ці былі вы ў Батумі. Не - значыць не былі ў Грузіі. Скажаш: "Беларус". У адказ абавязкова пачуеш душэўную гісторыю, звязаную з сінявокай.

 

Атару Хінікадзэ ў Мінску літаральна падарылі жыццё. Яго экс-дэпутат парламента Грузіі даверыў толькі беларускім хірургам. Неколько  гадоў  таму спатрэбілася складаная аперацыя па перасадцы ныркі, у Грузіі гэта практычна немагчыма, ды і гарантаваць станоўчы вынік  урачы не ўзяліся. Клінікі шукалі ў Ізраілі, Германіі, Францыі. Знайшлі  ў Беларусі.

У сонечнай Аджарыі  пахмурна. На тэрмометры  плюс 9, хаця  батумцы гавораць: "9 градусаў холаду". Такая тэмпература ў красавіку ў гэтых шыротах рэдкасць. Міністр сельскай гаспадаркі аўтаномнай рэспублікі распавядае:  на невялікай тэрыторыі (а яна крыху меншая за Мінскі  раён) колькасць відаў флоры і фаўны супастаўная з разнастайнасцю ў ЗША. У Аджарыі ёсць усё - ад субтропікаў  да альпійскага клімату.

Аднаўляць сельскую гаспадарку тут узяліся не так даўно. І беларускі вопыт прыйшоўся дарэчы: восенню з Мінска прывязуць 17 сартоў раслін, ужо падрыхтавалі эксперыментальнае поле. Дарэчы, Заур Путкарадзэ і сам пражыў у сінявокай больш як 10 гадоў. Сын нават паспеў стаць чэмпіёнам Беларусі па шахматах.

 

Сёння ў Аджарыі жывуць амаль 400 тысяч чалавек. Асноўны артыкул  даходу, вядома, турызм. Але развітая тут і прамысловасць: машынабудаванне, вытворчасць цытрусавых сокаў. Мясцовыя тэкстыльныя прадпрыемствы нават шыюць форму для футбольных клубаў англійскай Прэм'ер-лігі.

 

Сталіца Аджарыі - Батумі - гэта марскія вароты на шляху з Азіі ў Еўропу. Гэты порт - найстарэйшая і найважнейшая марская гавань. Менавіта адсюль каспійская нафта адпраўляецца на экспарт. Порт і мяжа з Турцыяй даюць аўтаномнай рэспубліцы значную перавагу перад іншымі рэгіёнамі краіны.

 

Выгаднае геаграфічнае становішча прыцягвае замежных інвестараў - у аўтаномнай рэспубліцы іх зарэгістравана больш за 1 700. А 90 працэнтаў замежных бізнесменаў укладваюць грошы ў будаўніцтва і турызм. Стаўку тут робяць і на супрацоўніцтва з Беларуссю. Каб па-новаму  зірнуць на ўзаемныя інтарэсы Мінска і Батумі, у Аджарыю прыбывае Аляксандр Лукашэнка.

 

Невялікі аповед  пра горад ад кіраўніка аўтаномнай рэспублікі, і палітыкі пераходзяць да перамоў. Перспектывы супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка і Арчыл Хабадзэ абмяркоўваюць у  Доме ўрада. Асаблівая  цікавасць  да вопыту  беларускага АПК. У Аджарыі ўжо даўно выкарыстоўваюць нашу сельгастэхніку, гатовыя купляць больш.

На гэтым тыдні ў Тбілісі прайшоў грузіна-беларускі бізнес-форум. У маі дзелавыя колы  дзвюх краін сустрэнуцца зноў, зараз ужо ў Мінску. Такі абмен візітамі - лепшы спосаб умацаваць дзелавое партнёрства, упэўнены Арчыл Хабадзэ.

 

Недоўгачасовыя, але ёмістыя перамовы, і Прэзідэнт Беларусі адпраўляецца на важную цырымонію. Сёння паўднёвы горад Грузіі парадніўся з паўднёвым беларускім. Батумі і Брэст сталі пабрацімамі. Дакумент падпісалі мэры  ў прысутнасці двух прэзідэнтаў - Аляксандра Лукашэнкі і Георгія Маргвелашвілі.

 

Пабрацімскія сувязі - першы крок на шляху да развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. На гэта спадзяюцца абодва бакі. Мінск робіць стаўку на развіццё беларуска-грузінскай кааперацыі. Для гэтага ў аўтаномнай рэспубліцы ёсць усе ўмовы.  У Аджарыі актыўна ўзводзяцца новыя аб'екты, будуюцца дарогі. Беларусы гатовыя дзяліцца вопытам і тэхналогіямі. Беларусь у Грузіі  любяць. Гэта пацвярджае і асаблівая цікавасць мясцовых журналістаў да Аляксандра Лукашэнкі. Вось рэпарцёры абступаюць шчыльным кольцам - Прэзідэнт як заўсёды адказвае на ўсе пытанні. Спыталіся і пра адкрыццё ў Грузіі беларускага дыппрадстаўніцтва. На працягу года  будзе, адказвае Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт Грузіі гаварыў  пра важнасць візіту: паміж краінамі наладжаныя сяброўскія сувязі. Гэта галоўнае. Нагадаў Георгій Маргвелашвілі  і  пра ролю  Мінска ва ўсталяванні міру ва Украіне.

 

Георгій Маргвелашвілі, Прэзідэнт Грузіі: "Важна, што менавіта Мінск стаў той самой пляцоўкай, якая дапамагла знайсці мірнае выйсце з сітуацыі ва Украіне. Можам канстатаваць, што паміж нашымі краінамі  сяброўства і партнёрства. Упэўнены, Ваш візіт пойдзе на  карысць  двухбаковых адносінаў. У асобе Прэзідэнта Лукашэнкі Грузія бачыць сапраўднага  сябра. Сябра, які паважае нашу краіну і яе дзяржаўнасць. Прэзідэнт Беларусі на постсавецкай прасторы з'яўляецца важнай фігурай. Сяброўства і партнёрства з гэтым чалавекам будзе вялікім крокам наперад для Грузіі і рэгіёна ў цэлым".

 

Гэты першы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Грузію  можна назваць гістарычным. Аб гэтым шмат гаварылі ў кулуарах перамоў. Наладжаныя сувязі ўжо ў найбліжэйшы  час дадуць аддачу, а тавараабарот на  200 мільёнаў долараў - рэальная планка, скажа міністр замежных спраў Беларусі.

 

Вядома, у Аджарыі разлічваюць і на прыток гасцей з Беларусі. Напярэдадні ў Тбілісі краіны змацавалі супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы спецыяльным дакументам. Адпачынак у чарнаморскім горадзе на любы густ, у тым ліку гастранамічны - толькі тут можна пакаштаваць сапраўдны аджарскі хачапуры. Зрэшты, цёплыя тут не толькі прыём і гасціннасць, але і бізнес-клімат.