Праблемы і недахопы ў будаўнічай галіне абмяркоўвалі сёння на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы

4 июня 2013

Будаўніцтва жылля. Для палітыкі дзяржавы гэты кірунак з'яўляецца прыярытэтным, а для простага насельніцтва гэта можа быць жыццёвай мэтай. Аднак такі доўгачаканы працэс у некаторых выпадках становіцца далёка не радасным. Завышаныя цэны, нізкая якасць і нявыкананыя тэрміны - усё гэта прыводзіць да масавай нездаволенасці жыллёвай палітыкай.


Праблемы і недахопы ў будаўнічай галіне абмяркоўвалі сёння на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. Слабых бакоў хапае. Нізкія якасць і прадукцыйнасць працы, недахоп рабочай сілы, а таксама высокі ўзровень карупцыі. У той жа час, па словах Аляксандра Лукашэнкі, жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай, у многіх выпадках выкарыстоўваецца не па прызначэнні. І тут неабходны жорсткі кантроль. Так, згодна з указам Прэзідэнта, які быў падпісаны напярэдадні, уводзіцца забарона на здачу ў арэнду памяшканняў, якія былі пабудаваныя з прыцягненнем ільготнага крэдыту, да поўнага яго пагашэння. Што датычыцца дзяржаўнага арэнднага жылля, то ў гэтым кірунку неабходна нарошчваць будаўніцтва.


Усе падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Сяргея Гусачэнкі.


Пра тое, што размова будзе і доўгай і няпростай, намякаў пярэсты склад удзельнікаў. Акрамя профільных кіраўнікоў у Белай зале таксама прэм'ер-міністр, губернатары ўсіх рэгіёнаў, кіраўнік Нацбанка, прадстаўнікі праваахоўных органаў. За два гады ў сферы жыллёвага будаўніцтва Прэзідэнтам дадзена каля 300 даручэнняў. Аднак ключавыя пытанні пакуль не вырашаныя. Напрыклад, у чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па-ранейшаму сотні тысяч сем'яў.


Не прынятыя належныя меры і па стрымліванні росту кошту квадратнага метра. На думку Прэзідэнта, яго кошт не павінен перавышаць сярэднюю зарплату па краіне. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звяртае ўвагу: у часткі насельніцтва сталі з'яўляцца ўтрыманскія настроі.


Трэці вектар - нарошчванне будаўніцтва арэнднага жылля. Узводзіць яго за кошт бюджэту будуць з мінімальнай рэнтабельнасцю. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў надаць гэтаму кірунку агульнанацыянальны характар. Да канца пяцігодкі ў краіне павінна з'явіцца не менш за мільён арэндных квадратных метраў. Ужо падрыхтаваны адпаведны праект указа.


Што датычыцца долевага будаўніцтва, адказнасць забудоўшчыкаў узмоцняць. Адпаведны праект указа таксама ляжыць на стале ў Прэзідэнта. Тэрміны і кошт будаўніцтва, прапісаныя ў дагаворы, павінны жорстка кантралявацца і выконвацца. Пры парушэнні ўмоў па віне забудоўшчыка дадатковыя выдаткі лягуць менавіта на яго. Будаўнікам і праекціроўшчыкам дасталася таксама за высокі ўзровень карупцыі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у галіны парушэнняў заканадаўства больш чым дастаткова.


Патрабаванні, якія датычацца развіцця будаўнічага комплексу, Аляксандр Лукашэнка выказаў у пачатку сакавіка на пашыраным пасяджэнні ўрада. Мінулі тры месяцы, і зараз ад кіраўніцтва галіны Кіраўнік дзяржавы чакае дакладных адказаў, як вырашаюцца праблемы.

Зрэшты, даклад віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна Прэзідэнта не ўразіў. Мнагаслоўныя тлумачэнні чыноўнікаў Прэзідэнта не задавальняюць. Аляксандр Лукашэнка звяртаецца да прэм'ер-міністра з канкрэтным пытаннем.


На думку прэм'ера, у галіне ўдалося дасягнуць галоўнае - навесці парадак з пастаноўкай на ўлік і вызначэннем катэгорый тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і тых, хто мае права на дзяржпадтрымку. Апошняя зверка чаргі выкрасліла адтуль 86 тысяч пазіцый. А вось з коштам ільготнага метра ўсё не так проста. Напрыклад, у Бялынічах шматдзетныя сем'і ў новым доме вымушаныя плаціць за метр каля 9 млн рублёў.


Недапрацоўкі галіны выкрывае і даклад старшыні Камітэта дзяржкантролю. Па-першае, невыкананне тэрмінаў будаўніцтва, што з'яўляецца адной з галоўных прычын падаражэння. Па-другое, нізкі ўзровень тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны ўдзельнікаў будаўніцтва: прыпіскі, нядобрасумленнае пасрэдніцтва, няякаснае выкананне работ.


Яшчэ адна праблема - злоўжыванні з боку прыватных забудоўшчыкаў і падрадчыкаў, якія ўсё часцей трапляюць у поле зроку кантралюючых органаў. Дзяржкантроль прапаноўвае ўзмацніць адміністрацыйную адказнасць.


Сёлета ў Беларусі плануецца ўвесці 6,5 млн квадратных метраў жылля. Заданне павінна быць выканана, настойвае Прэзідэнт. На думку Міхаіла Мясніковіча, тэмпы тармозіць высокая стаўка рэфінансавання. Аляксандр Лукашэнка з такім апраўданнем не згодны.


Да канца 2015-га ў Мінску з'явіцца 220 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Сёння таксама гаварылі наконт парадку яго размеркавання. З улікам тэрміну акупнасці ад 20 да 30 гадоў гэта таксама важкая форма дзяржпадтрымкі. Статус арэнднага атрымае і службовае жыллё. На думку Прэзідэнта, выдзяляць кватэры бясплатна дзяржава не павінна. Плаціць, хоць і не па рыначым кошце, за яго таксама прыйдзецца.


Жыллё, якое знаходзіцца на балансе дзяржфонду, але не ва ўласнасці грамадзян, прыйдзецца прыватызаваць. У адваротным выпадку яно атрымае статус сацыяльнага. Прыкладныя расцэнкі назваў сёння беларускі прэм'ер.


Падагульняючы сённяшнюю размову, Прэзідэнт падкрэслівае, што нараду складана назваць скончанай. Восенню грунтоўнае абмеркаванне будзе прадоўжана, пры гэтым парадак у будаўнічай галіне трэба навесці ўжо сёлета.


Атрымаўшы заданні і порцыю крытыкі, чыноўнікі адпраўляюцца ў свае кабінеты. На выкананне даручэнняў засталося не так ужо і шмат часу.