Праблема дэбіторскай запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў - галоўная тэма нарады ў Прэзідэнта

23 сентября 2015

У Палац Незалежнасці на сур'ёзную размову Кіраўнік дзяржавы запрасіў дырэктараў найбуйнейшых кампаній і сілавікоў, каб абмеркаваць пытанні прамысловасці. Падставай для сустрэчы стаў ліст генеральнага дырэктара Мінскага трактарнага завода. Справа ў тым, што прадпрыемствы пастаўляюць тавар, а грошы за яго альбо атрымліваюць праз доўгі час, альбо не атрымліваюць наогул. А органы, якія павінны садзейнічаць рэальнаму сектару эканомікі, часам сваімі праверкамі перашкаджаюць працаваць. 

Як высветлілася пасля дэталёвага аналізу, праблемы на прадпрыемстве сапраўды ёсць. Зыходзячы з гэтага, Прэзідэнт агучыў галоўнае патрабаванне - працаваць неабходна разам і сістэмна, як на карысць самога завода і калектыву, так і на карысць усёй краіны. І актывізаваць працу па спагнанні дэбіторскай запазычанасці.

Падрабязнасці нарады ведае Вольга Макей.

Мінскі трактарны - сёння не проста завод, гэта холдынг, які ўключае дзясятак прадпрыемстваў. Гэта аб'яднанне, на якім працуюць больш за 30 тысяч чалавек - найбуйнейшы вытворца сельгастэхнікі не толькі ў СНД, але і ва ўсім свеце. Шмат у чым менавіта ад геаграфіі продажаў і залежыць эканамічнае становішча прадпрыемства.

На Трактарным заводзе Аляксандр Лукашэнка быў у маі гэтага года. Тады Прэзідэнт на месцы падрабязна вывучыў і поспехі, і праблемы завода. Вядома, падзенне попыту на знешніх рынках і эканамічная бязладзіца адбіваюцца на прыбытках. Але галоўнае, што б'е па прамысловым кашальку, - дэбіторская запазычанасць. Менавіта з гэтай праблемы Кіраўнік дзяржавы пачынае сённяшнюю нараду.

На нарадзе - прамыслоўцы, кіраўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржкантролю, генпракуратуры, МУС. Словам, тыя, хто адказвае, у тым ліку, і за бяспеку эканамічную. 

У дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценкі з машынабудаваннем звязана ўсё жыццё. Амаль 30 гадоў аддаў беларускаму гіганту - БелАЗу. Затым, у 2013-м ён заняў пасаду памочніка Прэзідэнта. Ля руля флагмана трактарабудавання - ужо больш за год. У жніўні 2014-га, прызначаючы Дамаценку на гэтую важную пасаду, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: дадаць у вытворчасці, якасці прадукцыі, а галоўнае - звярнуць увагу на экспарт і прааналізаваць працу гандлёвых дамоў і дылерскай сеткі за мяжой. Дэбіторская запазычанасць прадпрыемства за мінулы год - ледзь не паўмільярда долараў. І з яе вяртаннем ёсць праблемы, таму напярэдадні дырэктар завода накіраваў Кіраўніку дзяржавы зварот, які і стаў падставай для сённяшняй незапланаванай нарады. У тэксце кіраўнік паказвае на шматлікія праверкі, якія часам перашкаджаюць працаваць.

Праблемы ўзніклі хутчэй ад нескаардынаванай працы кіраўніцтва завода і наглядных органаў. Так, функцыянаванне любога завода звязана са шматлікімі праверкамі. МНС, дзяржкантроль, санэпідслужбы і іншыя. Але інакш - ніяк. Бо ў выніку пакупнік жадае бачыць якасны тавар, а краіна - эфектыўнае, бяспечнае прадпрыемства, якое прыносіць прыбытак. Большасць сённяшніх праблем Мінскага трактарнага - спадчына ад мінулага кіраўніцтва завода. Усе недахопы Фёдар Дамаценка бачыць і жадае выправіць.

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі: "У прыватнасці, кіраўніцтва скардзілася на залішнюю ўвагу з боку праваахоўных органаў. Кантралёры маюць рацыю. Нямала праблемных пытанняў, шэрыя схемы куплі-продажу прадукцыі, невяртанне дэбіторскай запазычанасці. Вынікі праверак паказалі іх абгрунтаванасць. Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта і да праваахоўных органаў, і да кіраўніцтва завода - працаваць скаардынавана і сістэмна. На карысць завода і ўсёй краіны".

Хоць праблемы разглядаліся на прыкладзе МТЗ, датычыцца гэта ўсіх буйных прадпрыемстваў краіны. Прэзідэнт сёння яшчэ раз зважае - працу па звароту дэбіторскай запазычанасці неабходна актывізаваць. Асабліва востра гэтае пытанне стаіць у гандлі з Расіяй. Даўгі кампаній перад нашымі прадпрыемствамі складаюць трыльёны беларускіх рублёў, а грошы за кожную трэцюю здзелку не вяртаюцца, бо ажыццяўлялася яна па ашуканскіх сцэнарыях. Гэтай праблемай ужо сумесна займаюцца пракуратуры дзвюх краін.

Прасцей кажучы, даўгі звязаны з карупцыйнымі злачынствамі з боку чыноўнікаў або вытворцаў, калі прадукцыя сыходзіць без прадаплаты, і грошы назад не вяртаюцца. Зараз праваахоўнікі Беларусі і Расіі працуюць над стварэннем базы даных аб нядобрасумленных прадпрыемствах. Даведацца гэтую інфармацыю можна будзе ў беларускім пасольстве ў Маскве. Дарэчы, сёння ў дыппрадстаўніцтве таксама абмяркоўвалі пытанні экспарту і праблемных даўгоў. Факты махлярства, калі парушаючы закон, спрабуюць зарабіць на грашах прадпрыемстваў - у асабісты кашалёк - ёсць, два дзясяткі крымінальных спраў ужо расследуюцца.

Ігар Грэйба, начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і аргзлачыннасцю Генпракуратуры РБ: "Першапачаткова пры заключэнні дагавораў знешнеэканамічнай дзейнасці, асабліва звязаных з пастаўкамі тавараў, ёсць пытанні нядобрасумленнасці як з боку пакупніка, так і з боку службовых асоб - арганізацый-вытворцаў. Вядома, ёсць факты махлярства, невыканання судовых рашэнняў, наўмыснага банкруцтва. З боку праваахоўных органаў прымаюцца самыя жорсткія меры па недапушчэнні карупцыйных схем. На сённяшні дзень расследуецца больш за 20 крымінальных спраў у дачыненні нядбайных службовых асоб, якія такімі парушэннямі закона спрабуюць зарабіць грошы".

У выніку сённяшняй нарады Аляксандр Лукашэнка патрэбаваў ад міністра прамысловасці актыўней далучацца да рашэння праблемных пытанняў на прадпрыемствах. Акрамя таго, зараз публічны разгляд значных зваротаў і лістоў на адрас Прэзідэнта стане пастаяннай практыкай. Накіраваць такую просьбу могуць вышэйшыя службовыя асобы краіны, міністры, памочнікі Кіраўніка дзяржавы, кіраўнікі прадпрыемстваў. Сітуацыі часта бываюць спрэчнымі і датычацца рашэнняў важных для ўсёй краіны, таму абмяркоўваць такія звароты будуць на вышэйшым узроўні. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя