Прывітанне ўдзельнікам XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу

28 февраля 2018

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і IV Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час".

"Гэты форум па праве лічыцца адной з найбольш яркіх падзей у жыцці Беларусі. За чвэрць стагоддзя ён набыў шырокую вядомасць і за межамі нашай краіны", - гаворыцца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што духоўна-маральнае развіццё грамадства з'яўляецца найважнейшай задачай беларускай дзяржавы, і немалаважную ролю ў гэтым, безумоўна, адыгрывае кніга. "Цяжка пераацаніць яе значэнне ў захаванні культурнай спадчыны пакаленняў, фарміраванні асобы і выхаванні патрыятызму, адукацыі і руху да прагрэсу", - адзначыў Прэзідэнт.

Выключна важна, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, каб сумленнае і праніклівае слова пісьменніка заклікала да міру, паразумення і гуманізму.