Прывітанне ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы

7 июля 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. 

"Зорка Янкі Купалы ўзышла ў пераломную эпоху, калі Беларусь рабіла першыя крокі да ўласнай дзяржаўнасці. Сілай свайго таленту паэт вызначыў шляхі развіцця роднай мовы і культуры, акрэсліў духоўныя арыенціры многім пакаленням, - гаворыцца ў прывітанні. - Таму сёння мы, грамадзяне суверэннай краіны, ганарымся і папулярызуем купалаўскую спадчыну, беражліва захоўваем яе для нашчадкаў". 

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ўрачыстасці з нагоды дня нараджэння паэта паспрыяюць умацаванню адзінства грамадства і праслаўленню творчых талентаў беларускага народа.