Прывітанне ўдзельнікам ХХII Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі"

3 мая 2018

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям ХХII Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі".

"Гэты форум ужо больш за два дзесяцігоддзі з'яўляецца месцам актыўнага абмеркавання сродкамі масавай інфармацыі пытанняў развіцця медыясферы і ўмацавання партнёрскіх сувязяў. Тут рэгулярна дэманструюцца апошнія дасягненні ў працы друкаваных выданняў, радыё, тэлебачання і інтэрнэт-рэсурсаў", - гаворыцца ў прывітанні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асабліва прыемна адзначыць устойлівую цікавасць да выставы прадстаўнікоў шырокага кола замежных краін.

"СМІ павінны фарміраваць канструктыўную грамадскую думку праз своечасовую і аб'ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй. Перакананы, што такая прадстаўнічая міжнародная пляцоўка паслужыць кансалідацыі грамадства, сцвярджэнню ідэй міру і добрасуседства", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.